В памяти — победный май: руководством района вручены юбилейные знаки «80 лет освобождения Гомельской области»

Главное Грамадства

Дзявятага мая – дзень, які нясе ў сабе велізарны груз успамінаў і гонару. Ён нагадвае нам аб страшнай вайне, аб загінуўшых салдатах і мірных жыхарах, аб разбурэннях і болі. І ў той жа час – аб гераізме тых, хто адстаяў мірнае неба.

Васілю Аляксандравічу Нікалаенку сёлета споўніцца 100 гадоў. Пачатак вайны ён, ураджэнец Украіны, убачыў 23 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкія самалёты бамбілі цягнік з параненымі салдатамі на станцыі Няданчычы. Прызыўнога ўзросту яшчэ не дасягнуў, а добраахвотнікаў пайсці на фронт хапала з ліку дарослых. Байцом Чырвонай арміі стаў пазней – калі перажыў акупацыю. У кастрычніку 1943-га быў ужо на фронце. Прайшоў з баямі ўсю Беларусь, вызваляў Калінкавічы, Мазыр, Пінск, Кобрын, Брэст. Франтавыя дарогі вялі ад Пскова да Рыгі праз Латвію, затым – праз Польшчу ад Віслы да Одэра. Вызваляў Варшаву, удзельнічаў у Берлінскай аперацыі і скончыў вайну на рацэ Эльба. Васіль Нікалаенка – кавалер двух ордэнаў Вялікай Айчыннай вайны і ордэна Чырвонай Зоркі.

Напярэдадні Дня Перамогі да ветэрана, які зараз жыве ў Брагіне, завіталі старшыня Брагінскага райвыканкама Сяргей Карпенка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іна Міхаленка. У гасцей была адказная місія – уручыць юбілейны знак «80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці», перадаць Васілю Аляксандравічу віншаванне ад губернатара Івана Крупко і ўручыць матэрыяльную дапамогу.

На адным баку юбілейнага знака – помнік Невядомаму салдату ў Гомелі, на абароце – герб вобласці. Як адзначыў Сяргей Карпенка, гэты знак – сімвал не толькі Перамогі, але і нашай памяці аб тых, хто аддаў жыццё за мір і свабоду. Нагадваць пра гэта будзе і алея каля дома Васіля Нікалаенкі. Нядаўна яна папоўнілася дрэвамі, якія высадзілі юныя міратворцы Брагіншчыны.

Нагрудны знак «80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці» з рук Іны Міхаленкі атрымалі таксама напярэдадні свята былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. У гэтым спісе значацца дзесяць нашых землякоў: Марыя Раманюк, Міхаіл Бельчанка, Ніна Богуш, Ганна Дзмітрэнка, Лідзія Каробачка, Роза Леўчанка, Наталля Хмелянок, Васіль Чырцік, Марыя Чубса і Адам Гракун. Кожнаму з іх старшыня раённага Савета дэпутатаў пажадала здароўя і даўгалецця.

Павіншавалі Васіля Аляксандравіча і былых вязняў з надыхозячым святам і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Любоў Дзяркач, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Данчанка, дырэктар ТЦСАН Надзея Кукрак.

Добры настрой дарылі салісты Брагінскага раённага дома культуры. Песні ваенных гадоў гучалі ў выкананні Андрэя Дзядкова, Аляксандра Чубсы і ансамбля «Белыя Росы».

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.