На мінулым тыдні ў нашым раёне прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы повар устаноў дашкольнай адукацыі-2017”. Пляцоўку для смачных спаборніцтваў прадаставіла ДУА “Санаторны яслі-сад г.п. Брагіна”, супрацоўнікі якой узялі на сябе клопаты па арганізацыі мерапрыемства.
Дзеці заўсёды павінны быць бадзёрыя, задаволеныя і, вядома ж, сытыя. Таму адна з важных роляў у гэтай справе адведзена повару, перад якім стаіць задача прыгатаваць ежу так, каб маленькія дэгустатары ўпляталі прапанаваныя стравы з апетытам. А яго ў хлопчыкаў і дзяўчынак, упэўнены канкурсанты, дапамагае абудзіць і эстэтычнае афармленне стравы, і прыгожая сервіроўка.
Сваімі ідэямі яны падзяліліся на першым этапе спаборніцтваў – прэзентацыі апетытных кампазіцый, аснову якіх склалі сапраўдныя шэдэўры кулінарнага мастацтва. Кожны ўдзельнік падышоў да справы адказна і аформіў абед з густам, але ж у строгага журы, якое ўзначаліў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Калясан, былі свае крытэрыі ацэнкі страў: не толькі арыгінальная падача, але і магчымасць выкарыстання ў дзіцячым садзе.
Прадоўжыла конкурсную праграму творчая самапрэзентацыя. Тут удзельнікам ужо спатрэбілася падтрымка калег, бо ў ход пайшлі вершы, песні, і нават тэатралізаваныя пастаноўкі.
Самага эрудзіраванага повара дапамаглі вызначыць дзеці, якія расказвалі пра якасці нейкай гародніны ці садавіны, а канкурсанты адгадвалі, пра што ідзе гаворка. Гэтай тэме прысвячалася і віктарына для гледачоў, якія сваімі правільнымі адказамі зараблялі для калег дадатковыя балы.
Асаблівая ўвага на конкурсе была ўдзелена тэхніцы нарэзкі. Аказваецца ад таго, якім чынам будзе нарэзана гародніна – кубікамі, саломкай, брусочкамі ці шашкамі – залежыць не толькі выгляд, але і смак стравы, таму да ацэнкі ўзроўню выканання задачы журы падышло вельмі строга.
Сапраўдны повар, безумоўна, ведае ўсе пахі, якія лунаюць па кухні. Менавіта па іх канкурсантам давялося вызначаць, які прадукт харчавання знаходзіўся ў шклянцы (вядома, з заплюшчанымі вачамі). З гэтым заданнем усе таксама справіліся паспяхова.
І, нарэшце, заключны конкурс – прыгатаванне фруктовай салаты, стравы не толькі смачнай, але і карыснай. Асабліва для дзяцей, бо для падрыхтоўкі такога дэсерту выкарыстоўваецца свежая садавіна і ягады, таму ў ім утрымліваецца шмат вітамінаў. І, як заўважыў Аляксандр Іванавіч, ён абавязкова павінен быць у меню дашкольных устаноў.
Падводзячы вынікі, загадчыца сектарам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Аскерка адзначыла высокі ўзровень правядзення конкурсу. І нават нягледзечы на тое, што ў Брагіне ён праходзіў упершыню, удзельнікі да падрыхтоўкі аднесліся сур’ёзна. Магчыма, нехта хваляваўся і не зусім упэўнена адчуваў сябе перад вялікай аўдыторыяй, але кожны прадэманстраваў прафесіяналізм і дастойна прайшоў усе этапы.
Падчас вызначэння пераможцаў намінацый журы было аднагалосным. Так, за лепшае эстэтычнае афармленне стравы дыплом атрымала Таццяна Кулай (Буркоўскі дзіцячы сад), за самую карысную страву – Алеся Семяняка (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Брагіна), за самую арыгінальную – Святлана Місуно (Шкуратоўскі дзіцячы сад). Святлана Міхайлаўна, дарэчы, была прызнана і пераможцай конкурсу.
Спонсарам мерапрыемства выступіў райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Падарункі ўсім удзельнікам уручыла лідар прафсаюзнага руху Вера Мялешка.