У пятніцу, 21 верасня, у Горках ушаноўвалі лепшых хлебаробаў краіны. Дзяржаўныя ўзнагароды і прэміі атрымалі 247 пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у 13 намінацыях. Сярод іх – прадстаўнікі Брагіншчыны.
Хаця “Дажынкі” праходзяць у краіне з 1996-га года, хлебаробы нашага раёна актыўна ўдзельнічаюць у іх з 2008-га. Тады ў сталіцу рэспубліканскага фестывалю-кірмашу (г. Орша) накіроўвалася дэлегацыя з чатырох чалавек. На наступны год у Кобрын паехалі ўжо адзінаццаць чалавек. Другі год запар наш раён выходзіў у рэспубліцы пераможцам спаборніцтва па ўборцы і намалоце зерневых і зернебабовых культур. Ганаровыя дыпломы Прэзідэнт краіны ўручаў старшыні райвыканкама Аляксандру Ятчанку і начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціну Хмелянку. Потым на самую высокую прыступку п’едэсталу ўзнімаўся дырэктар КСУП “Чамярыскі” Генадзь Краўчанка, пад кіраўніцтвам якога сельгаспрадпрыемства было прызнана адным з лепшых, а таксама прадстаўнікі гэтай і іншых гаспадарак.
У Кобрыне на “Дажынках-2009” старшы камбайнер КСУП “Чамярыскі” Міхаіл Салдаценка атрымаў з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Ганаровы дыплом, ключы і дакументы ад легкавога аўтамабіля. Ён тады заняў першае месца сярод моладзевых экіпажаў. А пачатак перамогам быў пакладзены ў 1998-м, калі юнака ўключылі ў склад дэлегацыі ад Гомельскай вобласці. На той момант веласіпед, які яму вы-дзелілі, быў таксама каштоўным падарункам. Удзельнікам фестывалю і пераможцам Міхаіл становіцца і ў 2010-м, атрымлівае дамашні кінатэатр, а потым – камп’ютар.
Сёлета працаваў разам з Дзмітрыем Кавальчуком. Спачатку ўбралі збожжавыя ў сваёй гаспадарцы, а потым паехалі ў “Крыўск” Буда-Кашалёўскага раёна. На іх рахунку – 2130 тон намалочанага зерня. Гэта – найлепшы вынік сярод моладзі Гомельшчыны.
Як праходзіла ўрачыстае адкрыццё свята, пастаралася не прапусціць і паглядзець па тэлебечанні рэпартаж з Горак. Асабліва працэс узнагароджвання маладых герояў жніва. А калі вядучая аб’явіла прозвішча Міхаіла Салдаценкі, назву гаспадаркі і раёна, адчула пачуццё гонару, дарэчы, як і многія жыхары Брагіншчыны. Парадавалася, што і на гэты раз яму дасталіся Ганаровы дыплом і аўтамабіль.
У Рыгора Малочкі з гэтай жа гаспадаркі – другое месца сярод вадзіцеляў вобласці, а ў дадатак – дамашні кінатэатр. Звяно па перапрацоўцы зерня ў складзе Віктара Лямешчанкі і Арцёма Какалава (таксама з КСУП “Чамярыскі”) заняло першае месца, адзначана грашовай прэміяй у суме шэсць млн рублёў. Іх калегі з КСУП “Брагінскі”, аператары сушыльнага агрэгата КЗС В 30 Ж Аляксандр Буйневіч, Уладзімір Заяц і Аляксандр Федарэнка (другое месца) – у суме пяці млн.
З каштоўным падарункам – тэле-візарам – вярнуўся з рэспубліканскіх “Дажынак” вадзіцель КСУП “Малажынскі” Аляксандр Рудабелец (трэцяе месца). Для Андрэя Гуза, маладога камбайнера “Малажынскага”, гэтае свята – пакуль першае (іх экіпаж заняў другое месца). На фестывалі ён трапіў у атмасферу цеплыні, усеагульнай павагі, якія пануюць заўсёды, калі шануюць хлебаробаў, адчуў сваю прыналежнасць да кагорты працавітых людзей і таго хлеба, які засыпалі сёлета ў засекі краіны. Хацелася б, каб і на наступны год ён зноў трапіў на рэспубліканскія “Дажынкі”. Тым больш, што яны будуць праходзіць у нашай вобласці. З першай перамогай цябе, Андрэй! Няхай яна будзе не апошняя. І з першым падарункам, скутарам. Міхаіл Салдаценка пачынаў з веласіпеда і “даехаў” па хлебным полі да аўтамабіля, так што прыклад браць ёсць з каго.
Ніна СІНІЛАВА