У пачатку гэтага тыдня адбыўся турнір па міні-футболе на кубак раённага аддзела ўнутраных спраў. Спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня беларускай міліцыі, збіраюць юных футбалістаў у спартыўнай зале Брагінскай СШ ужо больш чым дзесяць гадоў.
Не сакрэт, што падобныя мерапрыемствы спрыяюць патрыятычнаму і духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення, прапагандуюць здаровы лад жыцця, папярэджваюць правапарушэнні. Пры гэтым спорт развівае ў падлеткаў адвагу, рашучасць, ініцыятыву – якасці, вельмі неабходныя будучым супрацоўнікам праваахоўных органаў. Дарэчы, футбалісты, якія прымалі ўдзел у першых гульнях турніру, ужо даўно дарослыя, некаторыя з іх працуюць у РАУС.
Як заўсёды, спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Ды і хлопчыкі імкнуліся гуляць як прафесіяналы, і ў многіх гэта атрымлівалася. Магчыма, у тактычным плане яны яшчэ не зусім моцныя, але гэта кампенсавалася вялікім жаданнем змагацца за мяч і адпраўляць яго ў вароты саперніка. Таму барацьба была вельмі напружаная. Удзельнікі турніру паказалі, што, нягледзячы на юны ўзрост, яны сур’ёзна ставяцца да спаборніцтваў і настроены на перамогу.
У фінал выйшлі “ЦСКА” (ДЮСШ) і “Спартак” (гімназія). І паколькі гульня завяршылася з лікам 2:2, пераможцу вызначалі з дапамогай пенальці. А тут болей пашанцавала гімназістам. У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – “Спартак”, другое – “ЦСКА”, трэцяе – “Юніёр” (Брагінская СШ).
Самым прыемным момантам стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Дыпломы і падарункі (футбольныя мячы, шахматы, дартс і салодкія гасцінцы) спартсменам уручалі дырэктар Брагінскай ДЮСШ Уладзімір Корхаў, намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Вячаслаў Лысянок і інспектар па справах непаўналетніх РАУС Валерыя Кудрэнка.
Лепшым іграком і нападаючым быў прызнаны Яўген Батыраў, лепшым варатаром – Аляксандр Асіпенка, абаронцам – Аляксей Штукман. Дарэчы, без падарунка не засталася і каманда “Дынама” (ДЮСШ), якая ў спаборніцтвах стала чацвёртай.
Пад эгідай турніру на кубак РАУС арганізатары мерапрыемства і далей плануюць збіраць моцных і вынослівых. І не толькі таму, што футбол – адзін з самых перспектыўных відаў спорту, а і дзеля прафесійнай арыентацыі падрастаючага пакалення. Хто ведае, магчыма, менавіта ўдзел у гэтых спаборніцтвах матывуе школьнікаў звязаць сваё жыццё са службай у праваахоўных органах.