У час перакуру, які на гэты раз крыху зацягнуўся, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва пачалі нахвальваць кулінарныя здольнасці сваіх жонак. У аднаго верная спадарожніца рыхтуе смачныя катлеты, у другога – заліўную рыбу, у трэцяга вырабляе мудрагелістыя торты, якія толькі на выставу адпраўляць, бо шкада есці, у чацвёртага каханая – непераўзыдзены майстар па галубцах… Ці то хлопцы галодныя былі, ці прыгубілі перад гэтым крыху горкай, хлалебныя песні ліліся без канца.
Мікола, якому ўсё гэта надакучыла слухаць, тым больш што і жонак сваіх калег ён добра ведаў і даўно ацаніў, чаго яны насамрэч варты, вырашыў паставіць кропку ў гэтай размове.
–А мне, – сказаў ён таямнічым голасам, нібы паказваючы сваім выглядам, што зараз раскажа пра нешта патаемнае – таксама пашчасціла. – Не жанчына трапілася, золата. Купіць юпі, намуціць цэлы бітон, самі п’ём, суседзяў, сяброў частуем, і ўсе смакуюць, радуюцца, жонку хваляць. Вось якая яна ў мяне хібетніца!
Оды больш не гучалі, затое смех не сціхаў доўга. Многія памяталі папулярны напітак 90-х юпі, у які патрэбна было толькі дадаць вады… Вось і ўвесь кулінарны сакрэт! Узгадваючы гэты эпізод, мой знаёмы заўсёды адзначаў пачуццё гумару, якім валодаў Мікола. Не ведаю, як жонцы, а сябрам, калегам з ім было весела.
Ніна СІНІЛАВА