Рэгіянальны фестываль гарманістаў адбыўся 17-18 ліпеня бягучага года ў Ельску. Ён з’яўляецца святам творчасці майстроў ігры на гармоніку, прыпевачніц і займае значнае месца ў культурным жыцці палескага рэгіёна Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца па ініцыятыве Гомельскага абласнога і Ельскага раённага выканаўчых камітэтаў.
Кожны раён прадстаўляў канцэртную праграму да 15 хвілін. Рэпертуар павінен быў адлюстроўваць музычныя традыцыі свайго рэгіёна, чаго прадстаўнікі Брагіншчыны строга прытрымліваліся. Да ўсяго не забыліся і пра герб горада, эмблему калектыву. Гэта была адна з умоў палажэння аб VІ рэгіянальным фестывалі “Грай, гармонік”.
Калектыў самадзейных гарманістаў і прыпевачнікаў нашага раёна фарміраваўся на працягу 30-ці апошніх гадоў. Па крупіцах падбіраў рэпертуар, выконваў старадаўнія беларускія песні, зачароўваў самабытнымі танцамі. У жанравых адносінах творы самыя разнастайныя: гістарычныя, лірычныя, каляндарныя, карагодныя, танцавальныя, гульнявыя. Канцэртную праграму дапаўняюць прыпеўкі, песні і танцы, якія нарадзіліся і распаўсюджаны на Брагіншчыне.
Нашых самадзейных артыстаў і народных умельцаў ведаюць у Добрушскім, Хойніцкім, Лоеўскім раёнах. Яны ўдзельнічалі ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы ў Рэчыцы, абласным – у Хойніках, Троіцкім карагодзе ў Ветцы. Былі задзейнічаны на свяце гарадоў Гомеля і Веткі. Апладзіравалі ім у Расіі, Германіі, Францыі, дзе выступалі з канцэртнымі нумарамі.
Конкурсную праграму ў Ельску прадстаўлялі салісты-гарманісты Ніна Ульянаўна Рассудоўская (Камарын), Іван Васільевіч Дзяцел і Фёдар Васільевіч Шынкарэнка (Малажын). Прыпеўкі выконвалі Валянціна Трафімаўна Плюшчай, Таццяна Трафімаўна Давыдоўская і Лідзія Мікалаеўна Марчук, усе з Малажына. Н.У. Рассудоўская выступала і ў ролі аўтара, апавядальніка баек. Дарэчы, настолькі паспяхова, што зачараваная публіка не хацела адпускаць са сцэны.
Не згубіцца сярод іншых калектываў, у тым ліку і замежных, дапамагла не толькі дбайная падрыхтоўка, але і ўступнае слова вядучай, пасля якіх гледачы ў зале прыціхлі:
—Славіцца хлебам і матчынай песняй
Наша зямля святая,
Шчыра гасцей Палесся
Брагіншчына вітае.
Кожны канцэртны нумар Л.А. Дубатдзел, якая вяла канцэртную праграму, суправаджала невялікім уступам, рыхтуючы журы і гасцей фестывалю да таго дзейства, якое разгорнецца на сцэне. Выступілі нашы самадзейныя артысты добра. Н.У. Рассудоўская атрымала Дыплом ІІІ ступені і званне “Пераможца” за высокае выканаўчае майстэрства і прапаганду традыцыйнай народнай музыкі ў намінацыі “Саліст-гарманіст” , а таксама каштоўны падарунак.
За прапаганду традыцыйнага народнага мастацтва граматамі адзначаны сямейны дуэт у складзе І.В. Дзятла і Л.М. Марчук, прыпевачніцы В.Т. Плюшчай і Т.Т. Плюшчай, саліст-гарманіст Ф.В. Шынкарэнка.
Праграма фестывалю прадугледжвала правядзенне “Горада майстроў”. Свае работы ў Ельску выстаўлялі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандр Уладзіміравіч Вініцкі, Марына Эргашаўна Хікматава, Валянціна Васільеўна Хмелянок і Ніна Рыгораўна Чарнянок. Усе яны былі заахвочаны прызамі.
Арганізатарам рэгіянальнага фестывалю і гасцям з суседняй Польшчы нашы ўмельцы падаравалі на памяць сувеніры з саломкі.
Н. СІНІЛАВА