Вам за шэсцьдзясят? Святкуйце! 1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей

Главное Грамадства

Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна быў у росквіце гадоў. Энергічны, бадзёры, хуткі, мэтанакіраваны, апантаны ідэямі. Імкнуўся ўсё паспець. А тут… І спяшацца раптам некуды. Заслужаны адпачынак. Вольнага часу – колькі хочаш. Зусім іншы рытм жыцця. Новыя рэаліі, да якіх патрэбна адаптавацца. Добра, калі разам з восеньскім узростам не падкрадзецца і не ахопіць хандра. Калі побач будуць увага, разуменне і падтрымка – родных, знаёмых, былых калег. А яшчэ лепш – усё гэта ў спалучэнні з нейкім заняткам, любімай справай, захапленнем. Тады і думкі дрэнныя адступяць, і хваробы будуць здавацца не такімі вострымі, і ўпэўненасць у сваіх сілах, запатрабаванасці ўзрасце. Чалавек не павінен страчваць радасці жыцця. А калі вам за шэсцьдзясят – святкуйце! На календары – Дзень пажылых людзей.

Гэтая дата – цудоўная магчымасць выказаць шчырую ўдзячнасць ветэранам вайны, працы, пенсіянерам за вялікія справы, дасягненні, здабыткі на карысць Айчыны. Наш абавязак – акружыць іх клопатам, ставіцца да старэйшага пакалення з павагай. А часам і звычайныя цёплыя словы, чалавечая спагада здольны стварыць сапраўдны цуд.

Побач з намі

Падтрымка грамадзян пажылога ўзросту з’яўляецца адным з ключавых напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі і адной з асноў дэмаграфічнай бяспекі краіны. Сёння, па даных упраўле-ння па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, у нашым раёне пражывае 3168 атрымальнікаў пенсій (у тым ліку 2232 – па ўзросце), што складае 29% ад агульнай колькасці мясцовага насельніцтва. Нягледзячы на заслужаны адпачынак, многія з прадстаўнікоў старэйшага пакалення вядуць актыўны лад жыцця: далучаюцца да творчасці, спорту, культурных мерапрыемстваў, займаюцца грамадскай работай, уносяць уклад у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, па-ранейшаму рэалізоўваюць сябе ў прафесіі. Працоўную дзейнасць працягваюць 428 (13,5%) землякоў-пенсіянераў.
Серэдні памер пенсій у раёне на першага верасня склаў 535,17 рубля.

Сацыяльныя паслугі: даступна і якасна

У краіне створана маштабная сістэма сацыяльнай абароны пажылых людзей. Яна ўключае ў сябе розныя льготы і гарантыі, павышэнне пенсій, паслугі на даму і інш. Садзейнічае рэалізацыі правоў такіх грамадзян на падтрымку з боку дзяржавы, дапамагае ім пераадолець цяжкія жыццёвыя сітуацыі, справіцца з тымі ці іншымі праблемамі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яго складзе – пяць аддзяленняў.

Найбольш запатрабаванымі па-раней-шаму застаюцца паслугі на даму, якімі ахоплена 339 чалавек, у тым ліку 61 адзінокі пенсіянер, 49 інвалідаў і адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ім дапамагаюць, прыходзяць на выручку 57 сацыяльных работнікаў.

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту прадугледжвае аб’яднанне пенсіянераў па інтарэсах. Тут працуюць гурткі па вышыванні і вязанні, працоўныя майстэрні. На базе Камарынскага філіяла створана вакальная група “Грымата”, якая прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх, рэгіянальных фестывалях і раённых мерапрыемствах.

Аддзяленне кругласутачнага знахо-джання разлічана на 35 месцаў. Тут часова пражываюць пажылыя грамадзяне і інваліды, якія па пэўных прычынах страцілі магчымасць самаабслугоўвання. Для іх прадугледжаны чатырохразовае гарачае харчаванне, санітарна-гігіенічныя паслугі, медыцынская дапамога, арганізаваны вольны час.

Калі ёсць патрэба ў асістэнце

Паслугі сядзелкі, памочніка па суправаджэнні інваліда першай групы, асістэнта па аказанні сацыяльных паслуг інвалідам першай і другой груп – адны з новых, што прапаноўваюцца ў адпаведнасці з запытамі мясцовых жыхароў.

У рамках сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу сем грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў атрымліваюць медыка-сацыяльныя паслугі (да іх аказання далучаецца раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа).

Каб у дамах было бяспечна

Пад асаблівай увагай дзяржавы – ветэраны і асобы, пацярпелыя ад Вялікай Айчыннай вайны (у раёне – 33), а таксама адзінокія (187) і адзінока пражываючыя (1155) пажылыя грамадзяне, інваліды першай і другой груп (405). Штогод абследуюцца ўмовы іх пражывання, выяўляюцца запыты і патрэбы. Аператыўна вырашаюцца пытанні па прывядзенні домаўладанняў гэтай катэ-горыі людзей у пажарабяспечны стан. Так, сёлета за кошт сродкаў, прадугледжаных на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы “Сацыяльная абарона” на 2021–2025 гады, у 63 дамах устаноўлены (заменены) аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. З фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аказана матэрыяльная падтрымка 223 малазабяспечаным пенсіянерам і інвалідам на агульную суму 9300 рублёў.

Са святам!

На сучасным этапе робіцца ўсё магчымае, как стварыць добрыя ўмовы для паўнацэннага ўдзелу старэйшых людзей у эканамічным, культурным і духоўным жыцці грамадства. Але ўсё гэта не заменіць цеплыні чалавечых адносін, утульнасці дамашняга ачага, любові і прызнання дзяцей і ўнукаў. Таму галоўнае пажаданне: няхай у вашым жыцці, паважаныя, будзе як мага больш ясных, сагрэтых клопатам родных і блізкіх, напоўненых увагай і падтрымкай тых, хто акружае, дзён. Дабрабыту вам, душэўнага спакою, аптымізму і даўгалецця!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *