Аксана Пеўнявец: роднае, беларускае – бліжэй за ўсё

Главное Грамадства

Настаўніца Чамярыскай сярэдняй школы Аксана Пеўнявец, якая выкладае беларускую мову і літаратуру, – часты госць нашай рэдакцыі. Заходзіць заўсёды з усмешкай, у добрым настроі. І гэта самім дадае энергіі, пазітыўных эмоцый. З сабой, вядома, прыносіць порцыю цікавых навін: што адметнага адбылося за апошні час ва ўстанове, якімі поспехамі парадавалі дзеці, чым жыве калектыў.

Яшчэ летам, напрыклад, даведаліся, што Аксана Іванаўна, яе калега з Буркоўскай школы Сняжана Здор і дзве вучаніцы з Чамярыс Дарына Катлабай і Кацярына Краўчанка праверылі свае веды па роднай мове ў тэлевіктарыне “Сваімі словамі”. Спаборнічалі ў парах: дзяўчынкі супраць педагогаў. Асабістымі ўражаннямі, як гэта – апынуцца ў студыі, сустрэцца з людзьмі, якіх бачыў толькі на экране, акунуцца ў здымачны працэс, Аксана Іванаўна падзялілася ў ліпені на старонках нашай газеты. І, шчыра кажучы, заінтрыгавала. Выхад перадачы з удзелам зямлячак на канале “Беларусь 3” чакалі з нецярплівасцю. У эфір яна выйшла якраз на днях, у верасні. Паглядзелі з задавальненнем.

Ужо па тым, з якой лёгкасцю ўдзельніцы віктарыны перакладалі словы, тлумачылі іх, суадносілі  фразеалагізмы з іх значэннем, выконвалі іншыя заданні на веданне не толькі беларускай мовы, але і літаратуры, этнаграфіі, можна меркаваць: веды – на вышыні. Нездарма вядучая Алена Трацэнка не раз адзначыла: такіх упэўненых гульцоў яшчэ не было. Вучаніцы, дарэчы, па колькасці балаў выйшлі ў лідары. І гэта, па-мойму, выдатная адзнака педагогам, якія прывівалі павагу да роднай мовы, жаданне размаўляць на ёй, цікавіцца айчыннай літаратурай, нацэлілі на пошук, пашырэнне кругагляду.

Зрэшты, сваё, беларускае, народнае, у Чамярыскай сярэдняй школе заўсёды было ў пашане. Калі нейкая ўрачыстасць, свята ці сустрэча, дык абавязкова на “мілагучнай”, “жывой і непаўторнай”, з нацыянальным каларытам. А сама Аксана Іванаўна імкнецца размаўляць па-беларуску не толькі на ўроках, але і ў паўсядзённым жыцці. Не ўяўляе яго без родных краявідаў, любімай працы, сям’і, землякоў, якія акружаюць. Усё гэта – фундамент, на якім трымаецца чалавек.

– Настаўніцай я марыла стаць з дзяцінства. Памятаю, як, будучы шасцікласніцай, любіла прыходзіць да вучняў малодшых класаў у групу падоўжанага дня і чытаць ім казкі. Вельмі ўдзячна настаўнікам Іялчанскай школы, якія далі мне трывалыя веды, штуршок да далейшага навучання ў Гомельскім абласным ліцэі. Я, дарэчы, адна з першых выпускнікоў гэтай установы. А потым быў Рэчыцкі педагагічны каледж, дзе атрымала спецыяльнасць “Настаўнік беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы”. Працоўную дзейнасць пачала ў 2000 годзе ў Мікуліцкай сярэдняй школе. І адразу ж вырашыла атрымліваць вышэйшую адукацыю – паступіла на завочнае аддзяленне Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Перавагу аддала беларускай філалогіі, – распавядае пра свой шлях у прафесію Аксана Іванаўна.

А мне тым часам прыгадаўся адзін з яе артыкулаў мінулых гадоў, апублікаваных у раёнцы. Аб сваіх настаўніках напярэдадні прафесійнага свята яна напісала з асаблівай цеплынёй: “За любоў да роднай мовы я павінна дзякаваць Галіне Мікалаеўне Папянковай, за адкрыццё цікавага свету рускай літаратуры – Людміле Іванаўне Барзілоўскай, за знаёмства з таямніцамі гісторыі – Ганне Іванаўне Бельчанцы. Не магу не назваць імён і Марыі Кузьмінічны Зелянкоўскай, Марыі Пятроўны Пяньковай, якія таксама адыгралі важную ролю ў маім прафесійным выбары. Дабрыня, справядлівасць, знешняя і душэўная прыгажосць – усе гэтыя якасці спалучае ў сабе Таццяна Мікалаеўна Нікалаенка. Вялікі дзякуй кожнаму за цеплыню сэрцаў, цярплівасць, любоў і самааддачу! Спадзяюся, што і я таксама пакіну такі ж добры след у чыімсьці жыцці”. Словы, адчуваецца, ішлі ад сэрца. Настаўнік сапраўды адыгрывае важную ролю ў жыцці чалавека. Не толькі падчас навучання, але і ў будучым, калі ўжо патрэбна прымаць рашэнні самастойна, без падказкі і дапамогі.

Многія жыхары раёна добра ведаюць, што паспрабавала свае сілы Аксана Іванаўна і ў якасці старшыні Чамярыскага сельскага Савета. Але зразумела: прафесія настаўніка – самая лепшая ў свеце, ёй нельга здраджваць. Таму зноў вярнулася да справы, якая па душы. Педагагічную дзейнасць працягвае ў Чамярыскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе.

– Усім сэрцам палюбіла гэтую вёску, людзей, якія ў ёй жывуць, калектыў, дзе працую. І, вядома ж, дзяцей, у якіх з’яўляюся класным кіраўніком, якіх вучу. Няма нічога прыемней, чым іх цікаўны, задуменны позірк, удзячныя вочы, – зазначае мая суразмоўца.

Яна, дарэчы, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. А зараз рыхтуецца да атрымання катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Па сваёй натуры Аксана Іванаўна – асоба энергічная, творчая, эмацыянальная, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Таму і ўрокі яе ніколі не бываюць сумнымі, аднастайнымі. На іх яна ўмее стварыць творчую атмасферу, сітуацыю поспеху. Даступна і цікава выкладае новы матэрыял, дабіваецца высокай працаздольнасці і актыўнасці вучняў. Таму не дзіўна, што яны заяўляюць аб сабе ў розных лінгвістычных спаборніцтвах. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе пераможцам раённага этапу абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры стаў пяцікласнік Багдан Ціханчук. Вучаніца сёмага класа Кацярына Краўчанка заняла першае месца ў абласным этапе конкурсу чытальнікаў “Прыгажосць Божага слова”. А васьмікласніца Мілана Зяленская перамагла ў рэгіянальным конкурсе “Хачу быць педагогам”.

Настаўніца сама да таго ж з’яўляецца прыкладам для дзяцей у імкненні праяўляць сябе, імкнуцца да большага, дасягаць поспехаў. Яна ўдзельніца і пераможца раённых конкурсаў прафесійнага майстэрства. Сёлета, напрыклад, прызнана адным з лепшых класных кіраўнікоў, якіх ушаноўвалі ў рамках акцыі Беларускага фонду міру. Акрамя дыпломаў, ёсць і Ганаровыя граматы, у тым ліку ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *