Тафцізан Тагіравіч Міндзігулаў (Міннігулаў) – камандзір разліку мінамёта 62-га палка 16-й гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі, гвардыі сяржант.
Аб кровапралітных баях, што разгарнуліся некалі на прыдняпроўскай тэрыторыі ў раёне вёскі Галкі, сведчыць размешчаная тут брацкая магіла, у якой пахаваны больш за 600 воінаў-вызваліцеляў – выхадцаў з самых розных населеных пунктаў некалі вялікага СССР. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза Тафцізан Міндзігулаў, у гонар якога названа адна з мясцовых вуліц. Гэта быў звычайны сялянскі хлопец, ураджэнец Башкірыі, які скончыў сямігодку і працаваў у калгасе, потым – на капальнях золата. У снежні сорак першага быў прызваны ў армію. Навучаўся на курсах малодшых камандзіраў. З красавіка 1942-га – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў у складзе мінамётнага падраздзялення. Удзельнічаў у баях на Сталінградскім і Цэнтральным франтах. 28 лютага 1943 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а крыху пазней, 22 верасня, – прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны II ступені. Асабліва вызначыўся падчас баёў за населены пункт Чарныш (Украіна).
З узнагароднага ліста:
“Тов. Миннигулов со старшиной батареи Шакировым шли в населённый пункт Черныш, который был с боем взят полком утром. Затем полк в полном составе выехал для выполнения боевого задания. Бродившие в округе остатки разбитых немецких частей, узнав, что полк ушёл из села, группой из пятидесяти автоматчиков вернулись в Черныш, стали поджигать строения и хлеб.
Тов. Миннигулов со старшиной Шакировым… вступили с ними в неравный бой, который продлился более трёх часов…”
На жаль, абаронцу не суджана было вярнуцца дадому – загінуў смерцю храбрых. Адбылося гэта 29 верасня 1943 года падчас баёў за Брагіншчыну. А дакладней, за вёску Усохі, якая пасля вайны так і не аднавілася.
Разлік, якім камандаваў Міндзігулаў, трапіў у акружэнне. Зразумеўшы, што падмацаванне хутка не падаспее, мінамётчыкі вырашылі змагацца да апошняга. Калі затым 16-я гвар-дзейская Чарнігаўская кавалерыйская дывізія адбіла ў ворага агнявую пазіцыю Міндзігулава, то ўбачылі: вакол валяліся трупы гітлераўцаў. Байцы выкарысталі ўвесь боезапас і ўзарвалі мінамёты, каб іх не захапілі фашысты. Самі загінулі, але не адступілі. Тафцізану быў усяго дваццаць адзін год.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года гвардыі сяржанту Тафцізану Міндзігулаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў. У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.