
Кожнае такое мерапрыемства – гэта не толькі адказнае спаборніцтва для юных талентаў, але і свята музыкі, песень, танцаў, дзіцячага сяброўства. А калі яшчэ да масы станоўчых уражанняў і эмоцый дадаецца радасць перамог, упэўненасць у сваіх сілах узрастае. Як і жаданне пакараць новыя вышыні, імкнуцца да большага.
У ліку стартавых пляцовак, на якія ў гэтым навучальным годзе выходзілі і паспяхова выступалі вучні Брагінскай школы мастацтваў, былі і “Зорная карусель”, і “Маленькі прынц”, і “Залатая нота Палесся”, і “Карагод сяброў”… А на днях скарбонка заахвочванняў установы, як паведаміла яе дырэктар Анжэла Бондар, папоўнілася яшчэ трыма дыпломамі. На гэты раз – па выніках шостага адкрытага фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці “Залатая нота”.


Сёлета ў гэтым мерапрыемстве, па словах Анжэлы Анатольеўны, прынялі ўдзел 120 калектываў з 21 ДМШ і школ мастацтваў Гомеля, Рэчыцы, Мазыра, Рагачова, Жлобіна, Калінкавіч, Рагачова, іншых населеных пунктаў вобласці. Па традыцыі дзверы перад юнымі музыкантамі і спевакамі гасцінна расчыніла Рэчыцкая школа мастацтваў – фестываль тут наладжваецца раз у два гады. А ацэньвала конкурсныя выступленні журы з ліку педагогаў Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага.
У выніку імянныя дыпломы ў намінацыі “Настаўнік – вучань” атрымалі два дуэты нашых баяністаў: адзін – у складзе Васіля Сукача і Кірыла Сафіенкі, другі – Валянціны Жоравай і Яраслава Кніжонка. А ў намінацыі “Інструментальны ансамбль” дыплом трэцяй ступені і прыз у выглядзе залатой ноты ўручаны творчаму калектыву пад кіраўніцтвам Таццяны Хмелянок (філіял ДШМ у Камарыне).
Няхай не страчваецца натхненне і расце выканаўчае майстэрства ў чарадзе будучых спаборніцтваў!
Валянціна БЕЛЬЧАНКА