
Калі зараз успамінаю дзяцінства – вясёлае, гарэзлівае, не зусім бесклапотнае – нейкім сумам і цяплом адначасова агортваецца душа.
Як і многія мае аднагодкі, я любіла вучыцца. Настаўнікі – строгія і патрабавальныя, шчырыя і спагадлівыя, але ўсе аўтарытэтныя, паважаныя – і зараз у памяці. Аднак вучоба – гэта строгія рамкі. Пад’ём, зборы ў школу, урокі – усё падпарадкоўвалася распарадку дня. І таму час “канікулы ў бабулі” чакалі з нецярплівасцю. Прадумана адбіраліся рэчы і цацкі, якія проста “жыццёва” неабходна было ўзяць з сабой.
Ажывала вёсачка летам. Ігар да бабулі прыязджаў з Мурманска, Ірына – з Гомеля, Віця – з Ленінграда. Уся геаграфія вялікага Саюза – як на далоні. І дзіцячае сяброўства, якое потым перайшло і ў даросласць.
Жыццё ў бабулі мела свой рытм і парадак: прапалоць некалькі радоў бульбы ці іншай гародніны, назбіраць яблык-паданак для дамашняй жыўнасці, “жукоў паганяць”: сабраць не менш за паўлітровы слоік бульбяных шкоднікаў. Вечарам жа патрэбна сустрэць карову і прыгнаць гусей з Баравіцы – невялікага возера за агародамі, якое ўтварылася на месцы старога русла Дняпра і дзе нават самы вадзіліся. Ва ўсялякім разе дзядуля-сусед не проста так на сваім чоўне завіхаўся там кожным вечарам. “Клок, клок, клок” – разносілася ўначы, а раніцай смачна пахла смажанай рыбай, якой частаваліся ўсе суседзі.
Клопатаў было шмат: і сена грэблі, і ў лес па ягады-грыбы хадзілі, і дровы дапамагалі складаць. Як ні дзіўна, часу хапала на ўсё.
А вечарам у клубе кіно, пасля якога можна затрымацца і паглядзець, як дарослыя танцуюць. Калі моладзі надакучвала наша дзіцячая цікаўнасць і нас “шугалі” з клуба – знаходзіўся іншы занятак: на старым дрэве каля хаты былі арэлі з вяроўкі і дошкі. Падляталі мы на іх аж да зорнага неба.
Жнівень адыходзіў туманамі, халадзіла ногі ранішняя раса. Не было ўжо вішань і парэчак, пасохла націна ў гуркоў. Аптымістычныя гарбузы сонечна-жоўтымі і чырвонымі бакамі грэліся на градках і ў слоікі прасіліся слівы – спелыя, тугія, з нейкім шызаватым налётам.
Нам было вельмі мала лета. Мы толькі-толькі навучыліся басанож бегаць па зжатым іржышчы і не крывіцца ад болю, калі наступалі на сасновую шышку. Толькі-толькі перасталі баяцца суседскага індыка і праехалі верхам на кані… Але ж прыязджалі бацькі. І са збітымі каленямі, у непрывычных пасля лета гольфіках, з белымі бантамі і ў фартушках знаёмай дарогай мы крочылі да школы. А ў руках – бабуліны астры: зорныя, прыгожыя. Тыя, якія палолі ўлетку.
Пачатак восені быў таксама любімы: яшчэ не надакучылі ўрокі, а калі знаходзіліся ў групе падоўжанага дня, з настаўнікам хадзілі ў стары парк над Дняпром. Верасень – з пахам апалага лісця таполяў, карычнева-бліскучымі каштанамі і дымам вогнішчаў (палілі бульбоўнік на скапаных агародах) – прыходзіў мякка, на каціных лапах. На выхадных ездзілі ў вёску: бульбу капаць. Але ж не было там вясёлых сяброў, з якімі гойсалі ўлетку, – развезлі іх па далёкіх гарадах цягнікі.
Няма тых сцежак, няма і многіх сядзіб. Вуліцы, такія шырокія ў дзяцінстве, павузелі, неяк сціснуліся. Жыхароў няшмат. Але жыве вёсачка майго дзяцінства на беразе Дняпра. Прыязджаюць сюды на канікулы дзеці, бавяць вольны час, дапамагаюць бабулям і дзядулям. У іх іншыя гульні, аднак многія прыйшлі і з майго дзяцінства. І таксама ў жніўні яны збіраюцца ў школу.
Адвечны кругаварот часу…
Галіна ШАЎЧЭНКА