
Наш знакаміты зямляк – цёзка па прозвішчы маршала Перамогі Жукава, усю вайну прайшоў у пяхотных войсках і стаў легендарным беларускім палкаводцам, кавалерам васьмі баявых ордэнаў. А званне Героя Савецкага Саюза атрымаў за гераізм, праяўлены пры вызваленні роднага Палесся. Яму тады было ўсяго дваццаць тры.
Нарадзіўся Пётр Сяргеевіч 22 студзеня 1921 года ў вёсцы Мікулічы ў сялянскай сям’і. Адметна, што менавіта ў гэты дзень ушаноўваюць памяць свяціцеля Пятра, епіскапа Севасційскага. Так што імя сваё наш ганаровы зямляк атрымаў, відаць, невыпадкова – у адпаведнасці з праваслаўным календаром.
З дзяцінства ён быў прывучаны да цяжкай працы. Але бацькі вельмі хацелі, каб іх сын вырас адукаваным чалавекам: у 8-гадовым узросце хлопчык пайшоў у мясцовую школу. Выдатна вучыўся і актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах.
У 1940 годзе быў прызваны ў армію, у 1941-м скончыў Кіеўскае ваеннае пяхотнае вучылішча, і адразу ж – на фронт. З першых дзён Вялікай Айчыннай – на перадавой. Змагаўся на Паўднёва-Заходнім, Паўднёвым, Паўночна-Каўказскім, Закаўказскім, зноў Паўночна-Каўказскім франтах, у асобнай Прыморскай арміі, на 1-м і 3-м Беларускім, 1-м Украінскім франтах. Чатыры разы быў паранены, двойчы кантужаны. Выжыў! Такіх людзей набярэцца зусім нямнога, бо, па баявых армейскіх мерках, на перадавой камандзір батальёна ў сярэднім жыве месяц, роты – тыдзень, узвода – тры дні, а ў пачатковы перыяд вайны і таго менш.
Жукаў, змагаўся з ворагам, не шкадуючы жыцця, смела вёў сваіх байцоў у атаку.
Падчас наступальных баёў на тэрыторыі Краснадарскага краю ён, гвардыі старшы лейтэнант, ужо намеснік камандзіра батальёна 535-га гвардзейскага стралковага палка. Тут атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі. У баях за Новацітараўскую і Крымскую станіцы паказаў сябе смелым, валявым, тактычна падкаваным камандзірам. Знаходзя-чыся ўвесь час на перадавых пазіцыях, дзейнічаў у першых радах наступаючых і асабістым прыкладам натхняў, вёў наперад байцоў.
Пры вызваленні Наварасійска і Анапы Жукаў ваюе ў 164-м палку 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Ужо камбат, а было яму ўсяго дваццаць два. І чарговай узнагародай стаў ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.
«У баях за горад Наварасійск з 10 па 15 верасня 1943 года, Жукаў увесь час знаходзіўся ў баявых парадках падраздзяленняў батальёна, якія вялі бой з праціўнікам. Умелай расстаноўкай агнявых сродкаў батальёна, манеўраваннем і імклівымі атакамі дабіваўся поспеху над пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. 21 верасня 1943 года, праследуючы ворага ў напрамку г. Анапа, батальён тав. Жукава знішчыў да 100 румынаў і яшчэ 15 узяў у палон, узяў трафеі: 30 аўтамашын, 6 супрацьтанкавых ружжаў і інш. Батальён адзін з першых, пераадольваючы супраціўленне ворага, уварваўся ў Анапу і, выбіваючы адтуль румынаў, паспяхова праследаваў праціўніка далей», – паведамляецца ў прадстаўленні да ўзнагароджвання.
Як сведчаць матэрыялы з асабістай справы, для легендарнага камандзіра стралковага батальёна не было невыканальных задач, а ўстаўную каманду «Наперад!» ён нярэдка замяняў іншай – «За мной!». Не даваць праціўніку перадышкі – такі быў дэвіз Жукава, і ён, не адрываючыся, ішоў за ворагам па пятах.
Асабліва вызначыўся батальён Жукава ў баях на Керчанскім паўвостраве. Дэсант быў высаджаны прама ў лоб ворагу. Ашаломленыя такім смелым манеўрам гітлераўцы пакінулі пазіцыі на беразе і схаваліся за градой вышынь. Адтуль яны адкрылі агонь па наступаючых савецкіх пехацінцах. Капітан Жукаў, праяўляючы бясстрашша і гераізм, неаднаразова сам з кулямёта адбіваў асобныя групы праціўніка. 6 лістапада 1943-га ён умела арганізаваў адбіццё танкавай атакі. Узнагародай за гэта стаў ордэн Чырвонага Сцяга.
На Керчанскім плацдарме змаганні доўжыліся пяць месяцаў. І менавіта тут гераічны камбат быў паранены, а пазней – кантужаны.
У лютым 1944 года Жукава ў чарговы раз прадставілі да ўзнагароджвання ордэнам Чырвонага Сцяга. Вось што напісаў у сваім прадстаўленні яго камандзір палка Смірноў:
«Самаадданасць, мужнасць, выдатнае веданне сваёй справы, патрабавальнасць да сябе і сваіх падначаленых – асноўная рыса гэтага афіцэра. У баях на Керчанскім паўвостраве батальён маёра Жукава не раз дабіваўся бліскучых перамог. Так 11.01.44 г., дзякуючы умеламу манеўру, абходам, была прарвана абарона праціўніка ў раёне вышыні 115,5. Асабіста тав. Жукаў вёў свае роты на штурм добра ўмацаванай лініі абароны праціўніка. У той жа дзень перад батальёнам Жукава стаяла задача прарвацца да адрэзанага праціўнікам 166 гвардзейскага дэсантнага палка. Яна была бліскуча выканана. 21.01.44 г., калі праціўнік на стыку з левым суседам прасачыўся праз нашу абарону, адрэзаўшы нашы батальёны ад КП палка, батальён Жукава не пахіснуўся. Сваёй асабістай храбрасцю маёр усяліў упэўненасць у перамозе сваіх падначаленых. Па тыле праціўніка батальён адкрыў ураганны кулямётна-мінамётны агонь. Вораг не вытрымаў і пачаў адыходзіць, але быў адрэзаны часцю, знішчаны і ўзяты ў палон».
Вышэйшае воінскае кіраўніцтва палічыла, што мужнасць і талент камбата заслугоўваюць палкаводчай узнагароды: Жукаў атрымаў ордэн Суворава III ступені. Такіх ўзнагарождванняў, дарэчы, было толькі 4012 (у тым ліку 849 – злучэнняў і часцей Чырвонай арміі).
Званне Героя Савецкага Саюза Пётр Жукаў атрымаў у 23 гады, калі асабліва вызначыўся ў ходзе Бабруйскай наступальнай аперацыі пры вызваленні Беларусі. Немцы тады невыпадкова пакінулі некалькі дзясяткаў кіламетраў савецкай тэрыторыі – планавалі заняць абарону за балотам і паставіць нашы часці ў надзвычай нявыгаднае становішча. Батальён Жукава атрымаў загад: пасля прарыву першай абарончай паласы праціўніка прарваць другую і не даць яму магчымасці замацавацца. Вось як усё адбывалася…
На календары – 24 чэрвеня 1944 года. Гітлераўцы, збітыя нашымі часцямі ў 1 км на захад ад сяла Пружанішчы Акцябрскага раёна Палескай вобласці, заселі ў сваю другую лінію абароны. Яны аказвалі наступаючым савецкім падраздзяленням жорсткае супраціўленне.
Маёр Жукаў умелай расстаноўкай агнявых сродкаў, абходным манеўрам раптоўна ўварваўся са сваім батальёнам у нямецкія траншэі і заняў другую лінію абароны праціўніка.
Праследуючы ворага, які адыходзіў, байцы першымі 25 чэрвеня фарсіравалі раку Трэмля, нягледзячы на забалочаную мясцовасць і адсутнасць сродкаў пераправы. У той жа дзень, збіўшы праціўніка з яго абароны, не далі яму замацавацца на рацэ Няратаўка, з ходу яе фарсіравалі.
У раёне сяла Залессе фашысты, атрымаўшы падмацаванне, перайшлі ў контратаку. І Жукаў асабіста ўдзельнічаў у яе адбіцці, праяўляючы выключную мужнасць і адвагу. Будучы ўперадзе батальёна, ён адкінуў праціўніка на некалькі кіламетраў на захад. Хаця боепрыпасы былі ўжо на зыходзе.
«26.06.1944 года немцы, абапіраючыся на сваю трэцюю, загадзя падрыхтаваную абарону за моцна забалочанай ракой Трэмля, замацаваліся. Тут праціўнікам прастрэльваўся кожны квадратны метр мясцовасці, але гвардыі маёр Жукаў не спыняецца і пад жорсткім агнём ворага пачынае пераадольванне 200-мятровага балота. Байцы па пояс у багне ішлі за сваім камбатам. Праціўнік вымусіў батальён там залегчы і пайшоў у контратаку. У гэты напружаны момант бою на ўвесь рост падымаецца гвардыі маёр Жукаў. І батальён з нечалавечымі намаганнямі вырываецца з балота, збівае праціўніка, пераадольвае апошнюю абарончую паласу і штурмам авалодвае сялом Любань. У выніку напружанага пяцігадзіннага бою было знішчана да 100 салдат і афіцэраў праціўніка.
Стомлены боем батальён, поўны цвёрдай рашучасці ісці наперад, праследуе ворага. 26.06. 1944 года на схіле дня дасягае паўночна-ўсходняй ускраіны сяла Заабоззе і завязвае бой. Немцы, якія гадзіну назад чыгункай падкінулі сюды 200 салдат і некалькі танкаў, перайшлі ў контратаку. У батальёна заканчваліся боепрыпасы. Але дзякуючы выключнай мужнасці асабовага складу батальёна і асабіста гвардыі маёра Жукава тры контратакі немцаў былі адбіты. Батальён адкідвае немцаў і авалодвае сялом Заабоззе, перарэзаўшы чыгунку Рэчыца – Мінск. На полі бою немцы пакінулі звыш 200 салдат і афіцэраў.
27.06.1944 года батальён падыходзіць да вялікага, вельмі забалочанага воднага рубяжа – ракі Пціч, дзе праціўнік аказвае жорсткае супраціўленне. Гвардыі маёр Жукаў, не марудзячы ні хвіліны, праводзіць абходны манеўр і ў спалучэнні з франтальным і кінжальным агнём з усіх відаў зброі фарсіруе раку і ўрываецца ў траншэі немцаў. У выніку пастаўленая батальёну задача была выканана з мінімальнымі стратамі. У гэты момант варожая міна цяжка параніла гвардыі маёра Жукава», – напісана ва ўзнагародным лісце.
За гэтыя подзвігі камбат быў узнагароджаны другім палкаводчым ордэнам – Аляксандра Неўскага і Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна медаля «Залатая зорка».
Калі выздаравеў пасля ранення, вярнуўся ў сваю дывізію, дзе быў назначаны намеснікам камандзіра 164-га гвардзейскага палка. Удзельнічаў ва Усходне-Прускай і Берлінскай вызваленчых аперацыях, па выніках якіх атрымаў ордэны Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, медалі «За ўзяцце Кёнігсберга» і «За ўзяцце Берліна».
Пасля вайны Жукаў прадоўжыў службу ў Савецкай арміі. З 1953-га – у запасе. Жыў у Мазыры, працаваў інструктарам Палескага абласнога камітэта ДТСААФ, затым знаходзіўся на адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце.
Пайшоў з жыцця ў 46-гадовым узросце – 22 снежня 1967-га, пахаваны на малой радзіме. Імя Героя носяць вуліцы ў Брагіне, а таксама піянерская дружына Мікуліцкай школы, адна з гаспадарак нашага раёна.
У 2016 годзе на доме па вуліцы Ленінскай у Мазыры, дзе на працягу амаль 15-ці пасляваенных гадоў жыў Пётр Сяргеевіч, з’явілася мемарыяльная дошка ў яго гонар.
Цяпер ад кожнага з нас залежыць захаванне памяці аб пакаленні пераможцаў, дзякуючы якім мы можам радавацца міру і спакою на роднай зямлі.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў. У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.