Настаўнік для Беларусі: сярод выпускнікоў і нашы землякі – Мікіта Велігура і Ларыса Смальцар

Грамадства

У Мінску 21 чэрвеня прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею фонду «Новая школа» і завяршэнню навучання чацвёртага набору праграмы «Настаўнік для Беларусі». Сярод выпускнікоў і нашы землякі – настаўнік пачатковых класаў Мікіта Велігура і настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Смальцар з  Мікуліцкай сярэдняй школы.

На свяце прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, АА «БПС-Сбербанк», Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, дырэктары школ – партнёраў праграмы.

Мэта ўнікальнага рэспубліканскага праекта «Настаўнік для Беларусі» – стварыць такія ўмовы, каб кожнае дзіця ў школе мела магчымасць раскрыць свой патэнцыял. Патрапіць у праект можа далёка не кожны. Толькі самыя ініцыятыўныя, крэатыўныя і мэтанакіраваныя. Усім, хто падаў заяўкі, трэба было прайсці сур’ёзны адбор, і ў выніку для ўдзелу ў чацвёртым сезоне адабралі ўсяго 11 удзельнікаў. І два – нашы!

На працягу двух гадоў Мікіта Велігура і Ларыса Смальцар супрацоўнічалі з куратарам, метадыстам і праектным менеджарам, удзельнічалі ў розных адукацыйных праграмах, ініцыіравалі і рэалізоўвалі цікавыя праекты са сваімі вучнямі.

Праекты Мікіты Велігуры ўключалі ў сябе стварэнне інтэрактыўнага кутка «Children’s Zone» для гульняў і адпачынку ў класе, а таксама распрацоўку зборніка настольных гульняў «Мая Радзіма Беларусь» для навучэнцаў 4-х класаў. Акрамя гэтага, ён правёў творчы фестываль «#BtaginHobbyFest: раскрый свой патэнцыял!». Ларыса Смальцар ажыццявіла рэканструкцыю школьнай бібліятэкі і стварэнне школьнага кутка «#Чытай-домік».

Настаўніца адзначае, што гэта праграма для тых, хто шукае метады, каб зрабіць свае заняткі больш якаснымі, а дзяцінства і юнацтва сваіх вучняў – ярчэй. Праграма ў корані змяняе ўяўленне аб адукацыі.

– Два гады натхнілі і адкрылі мяне з іншага боку, дазволілі інакш паглядзець на сябе, як на настаўніка. А самае галоўнае ў праекце тое, што ў цэнтры ўвагі – дзеці. «Настаўнік для Беларусі» – пра дзяцей і для іх, – расказвае Ларыса Смальцар.

За два гады абодва настаўнікі Мікуліцкай СШ прынялі ўдзел у 15 метадычных сустрэчах і правялі больш за 10 майстар-класаў. Усё гэта – для таго, каб унесці яркія, свежыя фарбы ў свае ўрокі, максімальна зацікавіць дзяцей незвычайным падыходам. Прасцей кажучы, зрабіць так, каб і на сяле, нягледзячы на невялікую колькасць школьнікаў, вучоба была дынамічная, сучасная і натхняльная.

Мікіта Велігура падкрэслівае, што «Настаўнік для Беларусі» –  гэта выдатная магчымасць раскрыць свой патэнцыял і патэнцыял дзяцей, узбагаціць сябе новымі ведамі і вопытам, а таксама натхніць сваіх вучняў на навучанне і самаразвіццё.

– Падчас удзелу ў гэтай праграме, я пераканаўся, што адукацыя – гэта не толькі перадача ведаў, але і імкненне да пастаяннага ўдасканалення і інавацый. Я рады, што стаў часткай гэтага значнага праекта і, што ў мяне ёсць магчымасць унесці свой уклад у будучыню краіны праз адукацыю, – адзначыў настаўнік.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.