«Як полымя прабягае па сухой траве, так хутка распаўсюджваецца па сёлах і мястэчках Беларусі, занятых гітлераўскімі катамі, магутны і грозны партызанскі рух», – пачынаўся адзін з нарысаў Аляксея Суркова, аўтара слоў знакамітай песні «У зямлянцы», ваеннага карэспандэнта франтавой газеты «Чырвонаармейская праўда». І далей: «Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР адзначыў высокімі ўзнагародамі першыя подзвігі слаўных беларускіх партызан. Хто гэтыя героі? Якімі справамі памножылі яны славу роднага народа?
Героі Савецкага Саюза Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі стварылі ў Н-скім раёне моцны партызанскі атрад». І ён ужо паказаў, «якую сілу нясе ў сабе невялікі калектыў адданых Радзіме людзей, што дзейнічаюць хутка, умела і бясстрашна».
Адпаведны ўказ, дарэчы, быў падпісаны 6 жніўня 1941 года. А ганаровае званне абодвум прысвоена за бой з нямецкімі акупантамі ў вёсцы Воземля Акцябрскага раёна Палескай вобласці. Як гэта было?
У пачатку ліпеня (па іншых звестках, 26 чэрвеня) 1941 года упаўнаважаны Наркамата нарыхтовак СССР па Акцябрскім раёне Палескай вобласці Фёдар Паўлоўскі разам з першым сакратаром райкама партыі Ціханам Бумажковым стварылі адзін з першых на тэрыторыі Беларусі партызанскіх атрадаў. Назвалі яго «Чырвоны Кастрычнік» – у гонар аналагічнага фарміравання народных мсціўцаў, што дзейнічала на тэрыторыі Рудабельскай воласці ў гады Грамадзянскай вайны.
Калі паўстала пытанне аб кандыдатуры кіраўніка атрада, першы сакратар Палескага абкама партыі Пётр Лявіцкі звярнуў увагу на анкету Паўлоўскага. Фёдар Іларыёнавіч быў вопытны ваенны. Ён скончыў палкавую кавалерыйскую школу, удзельнічаў у баях з японцамі каля возера Хасан у 1938 годзе, у савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг. Таму па ўзгадненні з абкамам партыі яго зацвердзілі камандзірам атрада, а камісарам – Ціхана Бумажкова.
Але калі ў ліпені 1941-га іх прадставілі да найвышэйшай узнагароды СССР, першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка палічыў, што камандзірам атрада павінен быць партыйны лідар.
Паўлоўскага і Бумажкова фактычна памянялі пасадамі, каб паказаць вядучую ролю кампартыі ў развіцці партызанскага руху. Таму ў некаторых энцыклапедыях і даведніках дагэтуль можна сустрэць прозвішча Бумажкова як першага камандзіра «Чырвонага Кастрычніка».
Партызаны шукалі давераных лю-дзей літаральна ў кожнай вёсцы раёна. А ў ліпені савецкае камандаванне накіравала ім на дапамогу мехатрад на чале з падпалкоўнікам Курмышовым. І, як дадатак, у Рудабелку рушылі два бронепаязды: пад кантроль была ўзята чыгуначная ветка, што звязвала Акцябрскі раён з Бабруйскам.
З такім падмацаваннем партызаны адчулі большую ўпэўненасць у сваіх сілах. І ўжо ў сярэдзіне ліпеня народным мсціўцам разам з чырвонаармейцамі давялося весці першы абарончы бой на рацэ Пціч. Вось як яго потым апісваў у газеце «Праўда» Ціхан Бумажкоў:
«У адзін з ліпеньскіх дзён на тэрыторыі нашага раёна з’явіліся фашысцкія танкі. Яны імкнуліся фарсіраваць раку, каб авалодаць раённым цэнтрам… Вычакаўшы зручны момант, партызаны ўзарвалі мост і сустрэлі ворага шквалам трапнага агню з кулямётаў і вінтовак. Гранаты паляцелі пад гусеніцы танкаў. Спатрэбіліся і падрыхтаваныя бутэлькі з гаручай сумессю. Пераправа праз раку была сарвана. 15 варожых танкаў і столькі ж бронемашын выйшлі са строю».
У хуткім часе пасля гэтага ўдалага бою партызанская разведка даклала, што ў вёсцы Воземля выяўлена нямецкае воінскае падраздзяленне. Паўлоўскі і Бумажкоў параіліся са штабам атрада Курмышова і вырашылі атакаваць. Аперацыя па разгроме праціўніка была праведзена на досвітку 18 ліпеня 1941 года і стала адной з самых маштабных у першыя месяцы вайны. Каб яе ажыццявіць, задзейнічалі нават браняпоезд (на чале з лейтэнантам Калакольцавым), што дазволіла атакаваць ворага з двух бакоў.
У выніку гэтага бою нацысты страцілі забітымі і раненымі каля 80 салдат і афіцэраў. Былі захоплены палонныя. А трафеі склалі 55 броне- і аўтамашын, 2 радыёстанцыі, 27 матацыклаў, 45 коней з павозкамі і грузам, штабныя дакументы. У тым ліку аперацыйная карта з планам наступлення нямецкіх войскаў на Гомельска-Чарнігаўскім напрамку. Усё было перададзена камандаванню 63-га стралковага корпуса Чырвонай арміі. А гітлераўцы ў сваіх данясеннях паведамлялі аб тым, што ім супрацьстаіць буйная воінская часць, якая апынулася ў акружэнні.
Характарызуючы наступныя баявыя дзеянні «Чырвонага Кастрычніка», начальнік Беларускага штаба партызанскага руху Пётр Калінін у сваіх мемуарах «Партызанская рэспубліка» адзначаў:
«Асабліва смелай для таго перыяду вайны была аперацыя па разгроме войскаў нямецкага злучэння ў сяле Глуша Бабруйскага раёна. Партызаны правялі яе сумесна з вайсковай часцю. Кіраваў аперацыяй капітан А. А. Недагораў, партызанскую групу ўзначальваў Паўлоўскі Ф. І.
Паўлоўскі загадзя паслаў у сяло некалькі чалавек для арганізацыі засады. Яшчэ завідна партызаны пад выглядам мясцовых сялян прабраліся ў Глушу. Калі сцямнела, яны першымі адкрылі з засады агонь па нямецкіх вартавых. У вокны школы, дзе начавалі гітлераўцы, паляцелі гранаты. Гэта быў сігнал да агульнай атакі. Амаль адначасова ў сяло ўварваліся з аднаго боку чырвонаармейцы, а з другога – партызаны на чале з Паўлоўскім.
Бой працягваўся каля гадзіны. Варожыя афіцэры і салдаты, напаўголыя, выскоквалі з дамоў і тут жа пападалі пад трапны агонь. Толькі некаторым з іх удалося выратавацца ўцёкамі. Астатнія былі знішчаны».
Чырвонаармейцы і партызаны захапілі тады 35 штабных аўтамашын, каля 100 матацыклаў і веласіпедаў, шмат дакументаў. І гэта – у самым пачатку вайны, калі партызанскі рух толькі разгортваўся.
Баявыя поспехі «Чырвонага Кастрычніка» атрымалі вялікі грамадскі рэзананс сярод насельніцтва Палескай вобласці. Расказваючы пра падзеі таго часу, вядомы беларускі паэт і празаік Рыгор Няхай у гістарычным нарысе «Пад Сцягам Кастрычніка» пісаў:
«Тады яшчэ не было сувязі з Масквой, і да канца верасня ніхто ў Рудабелцы не ведаў пра Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, якімі Ціхану Бумажкову і Фёдару Паўлоўскаму – першым з савецкіх партызан – было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза, а вялікая група партызан узнагароджана ордэнамі і медалямі. Сціплыя людзі, паглынутыя суровай барацьбой, яны і заставаліся сціплымі. Нехта чуў пра Указ па радыё, але калі хтосьці паведамляў аб гэтым Ціхану Піменавічу, ён гаварыў:
– Вы мне Указ пакажыце. А ўвогуле не ў гэтым цяпер справа. Ваяваць патрэбна, а пасля вайны разбярэмся, хто герой, а хто не герой, – і працягваў займацца вялікай і важнай справай – арганізацыяй барацьбы з ворагам».
Раптам прыйшла вестка: Ціхана Піменавіча адклікаюць за лінію фронту. Відаць, там ён быў больш патрэбны. Адбылося гэта ў жніўні 1941 года. А праз лічаныя месяцы, у лістападзе, Герой Савецкага Саюза старшы палітрук Ціхан Бумажкоў загінуў у баі пры выхадзе з акружэння на тэрыторыі Палтаўскай вобласці. У Беларусі з фашысцкімі захопнікамі працягвалі змагацца яго паплечнікі.
Ужо ў канцы верасня 1941 года партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік» вызваліў ад нямецкіх акупантаў многія населеныя пункты ў Акцябрскім, Воземлянскім, Гацкім, Новадуброўскім, Гарохавіцкім, Ляскавіцкім, Парэцкім, Пратасаўскім, Ламавіцкім, Раманіцкім і іншых сельсаветах. Тым самым быў пакладзены пачатак стварэнню Акцябрскай партызанскай зоны з цэнтрам у пасёлку Рудабелка. Да канца 1941-га ўсе вёскі раёна былі вызвалены ад нямецкіх акупантаў і іх памагатых.
Аб’яднаўшыся для сумесных дзеянняў, атрады Паўлоўскага і Далідовіча 14 студзеня 1942 года ліквідавалі варожы гарнізон у вёсцы Ветчын Жыткавіцкага раёна, а праз тры дні вызвалілі ад нацыстаў мястэчка Капаткевічы.
Варта заўважыць: партызаны не толькі паспяхова грамілі гітлераўскіх захопнікаў, але і адразу ж на вызваленых тэрыторыях аднаўлялі савецкую ўладу. У Акцябрскім раёне, напрыклад, у той час, калі большая частка БССР была акупіравана фашыстамі, выдаваліся газеты, працавалі 13 школ, а для сувязі з «вялікай зямлёй» у вёсцы Парэчча нават пабудавалі аэрадром. І гэта, зразумела, гітлераўцаў вельмі злавала. Але ліквідаваць партызанскую зону ім так і не ўдалося. Рады народных мсціўцаў пашыраліся.
У канцы студзеня 1942 года на нарадзе камандзіраў атрадаў, што дзейнічалі ў Акцябрскім, Капаткевіцкім, Глускім, Петрыкаўскім, Жыткавіцкім раёнах, вырашылі аб’яднаць гэтыя фарміраванні пад адзіным кіраўніцтвам. Так быў створаны «гарнізон Паўлоўскага», або Палескае партызанскае злучэнне, што дазволіла значна актывізаваць баявую дзейнасць, узмацніць палітычную работу сярод насельніцтва, агульнымі намаганнямі супрацьстаяць карным аперацыям акупантаў. Многія камандзіры і камісары праявілі тут сябе здольнымі арганізатарамі, набылі ўпэўненасць кіраваць самастойна, і некаторыя ў далейшым пакінулі «гарнізон».
У маі 1942 года з атрадаў, што ўваходзілі ў склад Палескага злучэння, была створана 123-я партызанская брыгада пад камандаваннем Фёдара Паўлоўскага. Яна дзейнічала ў Акцябрскім, Капаткевіцкім, Глускім, Петрыкаўскім, Жыткавіцкім, Парыцкім раёнах. І з’яўлялася адной з самых баяздольных брыгад Палескай і Мінскай абласцей, аказала вялікую дапамогу дзеючай арміі ў вызваленні Беларусі.
У пасляваенныя гады Фёдар Паўлоўскі жыў у Мінску, знаходзіўся на партыйнай і гаспадарчай рабоце. Акрамя звання Героя Савецкага Саюза, яго заслугі адзначаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Не стала палкоўніка Паўлоўскага 6 красавіка 1989 года.
Сёлета, дарэчы, з дня нараджэння славутых партызанскіх кіраўнікоў споўнілася 115 гадоў: 2 ліпеня – Ціхана Бумажкова, 27 лістапада – Фёдара Паўлоўскага. Памяць пра іх назаўсёды захавалася ў помніках, мемарыяльных дошках, музеях, назвах вуліц, школ. Яна жыве ў сэрцах беларусаў.
Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.