«Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было 13 гадоў. Памятаю ўсё да драбніц. Асабліва – 1943 год. Наша вёска Капоранка стала тым агнявым рубяжом, за які вельмі трымаліся фашысты». Так пачынае свой аповед Ганна Пятроўна Верабей. Ёй ужо 97 гадоў, але памяць не падводзіць. Перада мной сядзіць старэнькая жанчына, у вачах якой – жыццёвая мудрасць і дабрыня. Яе цікава слухаць.
«Немцы знаходзіліся ў Калыбані, а нашы – у вёсцы Краснае. Калі пачаліся баі, жыхары нашай вёскі перабраліся ў Карлаўку. Мы жылі ў сваіх далёкіх родзічаў. Вельмі шчырыя і прыветлівыя былі гаспадары.
Пятнаццаць чалавек жылі ў адным пакоі некалькі месяцаў, спалі на падлозе. А ў другім пакоі лячыліся раненыя байцы. Прозвішча тых гаспадароў – Нячоса», – нетаропка расказвае Ганна Пятроўна.
На хвіліну яна прыпыняецца, уздыхае і працягвае: «Цяжкі быў час, нічога не скажаш. Столькі нацярпеліся. Самы жахлівы для мяне момант – калі фашысты ў студзені 1943 года расстралялі бацьку.
Яшчэ адзін эпізод з часоў вайны ўрэзаўся ў памяць, калі мы жылі ў Карлаўцы. Каля роднай вёскі праходзілі баі, але там засталіся запасы бульбы, гародніны, зерня. І мы хадзілі па іх да родных хат.
Аднойчы па дарозе мы сустрэлі савецкага афіцэра, які папярэдзіў нас: хадзіць тут небяспечна. Не паспеў ён далёка адысці, як трапіў пад варожую кулю. Мы спалохаліся, ды і чалавека было вельмі шкада. Хадзіць па прадукты ўсё роўна працягвалі, хаця і было страшна».
Жанчына прыціхла, успамінаючы тыя перажытыя жахі. А потым яшчэ расказала, як яе зямляк выратаваў ад смерці яўрэйскую дзяўчынку: «Сагналі нас, жыхароў Капоранкі, каб мы паглядзелі расстрэл сям’і яўрэяў. А наш сусед Сямён Фёдаравіч Герасіменка асмеліўся сказаць, што самая маленькая дзяўчынка народжана ад рускага. Тады перакладчыца перадала словы нямецкага афіцэра, што мужчына можа яе забраць». Так яўрэйская дзяўчынка Роза засталася жыць. Выратаваў яе смелы беларус. І я лічу, што гэта мужны ўчынак.
У канцы нашай гутаркі я спытала ў Ганны Пятроўны, што яна хоча сказаць сучаснаму пакаленню. Жанчына, не задумваючыся, адказала: «Беражыце сябе, сваіх блізкіх. Жадаю, каб вы ніколі не зведалі вайны».
Васіліса СЕТКА,
вучаніца 9 класа Іялчанскай сярэдняй школы
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.