ХХХII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрылася ў сталіцы

Грамадства

Сіла слова

ХХХII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрылася ў сталіцы. Пройдзе таксама і ХI Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Сапраўдныя кнігі заўсёды накіраваны на захаванне гуманістычных асноў грамадства, гістарычнай праўды, згоды і справядлівасці на планеце.

– Гэтая выстава на працягу многіх гадоў з’яўляецца адной з самых яркіх падзей у духоўным жыцці Беларусі. Аб’ядноўваючы пісьменнікаў, выдаўцоў, аматараў новых і цікавых кніг з розных краін, Мінская міжнародная выстава набыла заслужаную вядомасць у свеце. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца ўдзел у ёй гасцей з 20 краін свету. Арганізатары выставы ўдзячны гасцям Беларусі за прадстаўленне сваіх твораў беларускаму чытачу, – прывітаў удзельнікаў міністр інфармацыі Марат Маркаў.

Лічбы і факты

Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў аператыўнае апытанне наведвальнікаў у дзень адкрыцця кніжнай выставы. Метадам CAPI (Computer Assisted Personal Interviewing) было апытана 436 чалавек.

Вынікі даследавання паказалі, што інфармацыю аб мерапрыемстве кожны трэці наведвальнік атрымаў ад сяброў, сваякоў, калег (33,5%), яшчэ 29,4% – праз рэкламу на сайтах, парталах.
Аналізуючы дынаміку за апошнія тры гады, сацыёлагі адзначаюць павышэнне эфектыўнасці інфармацыйнага суправаджэння выставы-кірмашу ў сацыяльных сетках і месенджарах. Так, калі ў 2023 годзе даведаліся аб правядзенні мерапрыемства дзякуючы такім крыніцам толькі 5,1% апытаных, то ў 2024 і 2025 гадах – 10,9% і 15,4% адпаведна.

На выставу? Так!

У тым жа даследаванні пры адказе на пытанне «Колькі разоў Вы ўжо наведвалі Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш?» 35,3% удзе-льнікаў апытання адказалі, што апынуліся на ей упершыню, а 34,4% бываюць рэгулярна.

У якасці матываў кожны другі называў магчымасць даведацца пра кніжныя навінкі (55,5%), а кожны трэці лічыць важнай для сябе інфармацыю пра выдавецтвы (34,6%) і набыццё кніг па нізкай цане (34,2%).

Значнымі аспектамі для ўдзельнікаў апытання з’яўляюцца наведванне спецыяльнай праграмы выставы-кірмашу (20,2%), а таксама магчымасць сустрэцца з сябрамі (19,7%), набыць кнігі ў падарунак (16,5%), падпісаць кнігу ў аўтара (12,2%).

Якая кніга цікавая?

Варта адзначыць, што чытачы з кожным годам усё часцей праяўляюць цікавасць да літаратурных твораў, якія выйшлі нядаўна, чакаюць магчымасці ўбачыць іх (у 2023 годзе – 40,5%, у 2024 – 47,6%, у 2025 – 55,5%).

Уласны чытацкі вопыт і густ – галоўныя арыенціры ў выбары кніг. Гэта адзначылі 68,8% удзельнікаў апытання. Наведвальнікі выставы таксама прыслухоўваюцца да рэкамендацый сяброў, сваякоў і калег (28,4%), сочаць за папулярнасцю самой кнігі (22,5%), цікавяцца дызайнам (20,2%), меркаваннем кніжных блогераў і крытыкаў (14,2%).

І ўсё радзей выбар новай кнігі абумоўлены яе коштам (у 2023 годзе – 19,7%, у 2024 – 12,4%, у 2025 – 9,6%), рэкамендацыямі прадаўцоў у кнігарнях (6,9%) і выкладчыкаў (5,0%).
Абсалютная большасць наведвальнікаў выставы, якія прынялі ўдзел у апытанні, аддаюць перавагу кнізе ў друкаваным фармаце (88,3%), тады як электронныя і аўдыё- варыянты выбіраюць толькі 8,5% і 0,9% рэспандэнтаў адпаведна.

Каго чытаюць?

Найбольш цікавымі для сябе аўтарамі беларусы назвалі Міхаіла Булгакава і Аляксандра Пушкіна. Сярод любімых твораў – «Майстар і Маргарыта», «Унесеныя ветрам», «Злачынства і пакаранне».

У тройку найбольш папулярных беларускіх аўтараў увайшлі Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і Якуб Колас. Далей размясціліся Янка Купала, Іван Шамякін і Максім Багдановіч.
Сярод найбольш цікавых твораў рэспандэнты адзначылі «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі» і «Жураўліны крык».

Гомельшчына вітае!

Секцыя Гомельскай вобласці – разнастайная па напаўненні і тэматыцы. Прадстаўлены стэнд паліграфічных прадпрыемстваў рэгіёна, інсталяцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Госці могуць азнаёміцца з кніжнымі навінкамі – прэзентуюць свае выданні лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама журналісты.

З работай павільёна азнаёміліся намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзяніс Язерскі, першы намеснік генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Ігар Петрышэнка.

Дарэчы

Міжнародную кніжную выставу-кірмаш у Мінску ў першы дзень наведалі больш за 11 тысяч чалавек. А сёння сачыце за нашымі сацыяльнымі сеткамі: прадстаўнікі Брагіншчыны вырашылі пазнаёміцца з новымі тэндэнцыямі ў кнігавыданні і накіраваліся ў Мінск.

Падрыхтавала
Галіна ШАЎЧЭНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.