ЦЭ-2025: новыя правілы, рэзервовыя дні і іншыя важныя нюансы
Чарговы навучальны год падыходзіць да фінішу, і для выпускнікоў 11-х класаў надыходзіць адказная пара – здача цэнтралізаванага экзамену. Сёлета ён пройдзе 26 і 29 мая на базе Брагінскай сярэдняй школы. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Даўжанок расказала пра ключавыя аспекты, пра якія важна ведаць як выпускнікам, так і іх бацькам.
Новыя правілы
– Сёлета для здачы ЦЭ прадугледжана некалькі новых правіл. Па-першае, смартфоны і іншыя электронныя прылады будуць адбірацца ў выпускнікоў на этапе прапускнога кантролю, а не толькі ў аўдыторыі. Выключэнне зроблена для навучэнцаў з цукровым дыябетам, якія выкарыстоўваюць сістэмы аўтаматычнай падачы інсуліну. Па-другое, ва аўдыторыях не будзе настаўнікаў, якія выкладаюць прадмет, па якім праводзіцца экзамен, – адзначыла Наталля Міхайлаўна.
Пачатак цэнтралізаванага экзамену запланаваны на 11.00. На пункце правядзення іспыту будуць дзяжурыць медыкі, супрацоўнікі ДАІ і МНС.
Рэзервовыя дні для ЦЭ прызначаны на 21 і 23 чэрвеня.
Што ўзяць?
З сабой у аўдыторыю трэба ўзяць толькі дакумент, які сведчыць асобу, чорныя гелевыя ручкі, пропуск. На фізіку і хімію дазваляецца прыносіць калькулятар.
У пункце правядзення іспыту будзе арганізаваны пітны рэжым.
Важныя моманты
Варта адзначыць, што пераздача ЦЭ з «нулявым» вынікам у гэтым годзе не прадугледжана. Такая магчымасць з’явіцца толькі са жніўня 2026-га. Адпаведныя змены ўступяць у сілу з 1 верасня бягучага года.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.