Брагінчане згулялі таварысцкі матч з камандай Хойнік,прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі

Грамадства Спорт

Мясцовыя жыхары прыйшлі падтрымаць сваю каманду і атрымаць асалоду ад атмасферы футбольнага свята.

Асаблівасцю гульні стала тое, што за гаспадароў поля выступаў не асноўны склад, а яго рэзерв. Трэнерскі штаб даў шанец праявіць сябе маладым і перспектыўным гульцам.

З першых хвілін абедзве каманды дэманстравалі бескампрамісную барацьбу, але памылкі ў абароне брагінчан дорага ім каштавалі. Хойнікі, маючы ў сваім складзе больш вопытных гульцоў, скарысталіся гэтым і ўпэўнена павялі ў ліку. Да канца першага тайма на табло гарэлі несуцяшальныя для гаспадароў лічбы – 0:3. Здавалася, што лёс матча прадвызначаны, і госці без асаблівых праблем давядуць справу да перамогі.

Аднак другі тайм паднёс нямала сюрпрызаў. Брагінская моладзь, атрымаўшы ў перапынку парады ад трэнера, выйшла на поле з жаданнем паказаць сваю лепшую гульню. Яна стала больш зладжаный і агрэсіўнай, што дало свой плён – брагінчане пачалі адыгрываць мяч адзін за адным. Варатар Хойнікаў быў вымушаны тройчы вымаць яго з сеткі. Мара аб камбэку станавілася ўсё рэальней.

На жаль, працягвалася гэта нядоўга. Пад канец матча Хойнікі, сабраўшы волю ў кулак, перахапілі ініцыятыву і здолелі зрабіць канчатковы лік 3:6 на сваю карысць.

– Матч выдаўся добрым, эмацыянальным. Былі памылкі, але яны паказалі нам тыя аспекты, над якімі варта працаваць. У гэтым супрацьстаянні мы далі свабоду моладзі, у якой яшчэ ўсё наперадзе. Дзякуй балельшчыкам за падтрымку, – адзначыў старшы інспектар райвыканкама Юрый КРЫВАРУЧКА.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.