Нарадзіўся ён у 1925 годзе ва Украіне. У дружнай сям’і Ямеліных было пяцёра дзяцей – трое сыноў і дзве дачкі. Бесклапотнае дзяцінства абарвала вайна. Віктару толькі споўнілася 16, калі вораг паквапіўся на яго зямлю, на яго сям’ю.
Не раздумваючы, юнак адправіўся на фронт. Ён стаў радавым пяхоты, адным з тых, хто, нягледзячы на смяротную небяспеку, ішоў у атаку, метр за метрам. У жорсткіх баях спазнаў горыч страт, жах разрухі і цану жыцця.
Вайна не шкадавала нікога. Віктар атрымаў цяжкае раненне ў нагу. Пасля шпіталя, акрыяўшы, зноў стаў у строй. Нішто не зламала яго волю да перамогі. Ён цвёрда ведаў, што павінен дайсці да канца, да поўнага разгрому ворага.
І дайшоў. Віктар Ямелін бачыў на свае вочы, як над фашысцкім рэйхстагам узвіўся Сцяг Перамогі.
За праяўленыя ў баях адвагу і мужнасць ён быў удастоены высокіх узнагарод: ордэна Чырвонай Зоркі, ордэна Славы, медаляў «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Берліна». І гэта далёка не ўвесь спіс.
Яго старэйшы брат, Яўген, таксама змагаўся з ворагам на фронце, быў лётчыкам. Вайна пакінула на яго твары глыбокі след – страціў вока. Пасля перамогі вярнуўся на малую радзіму і стаў настаўнікам працоўнага навучання, перадаваў свой вопыт і веды падрастаючаму пакаленню.
Да мірнага жыцця вярнуўся і Віктар. Ён уладкаваўся слесарам на завод, стварыў сям’ю, ажаніўся на прыгажуні Кацярыне, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў. У іх нарадзілася трое дзяцей: Віктар, Яўген і Наталля.
Нягледзячы на цяжкія ваенныя гады, Віктар Ямелін не страціў сваёй любові да жыцця і ўмення працаваць. Ён быў сапраўдным майстрам на ўсе рукі. Уся вёска прыходзіла да яго па дапамогу: зрабіць аконныя рамы, карнізы – ён нікому не адмаўляў. Асноўным матэрыялам для гэтага было дрэва. Ён адбудоўваў вёску пасля вайны, уносячы свой уклад у аднаўленне мірнага жыцця.
Дзень Перамогі быў для Віктара Сямёнавіча асаблівым святам. Ён заўсёды чакаў яго з нецярпеннем і светлым пачуццём. Кожны год прыносіў кветкі да помнікаў загінуўшым воінам, аддаючы даніну памяці сваім баявым таварышам. Перадаў гэтую традыцыю і сваім дзецям, якія працягваюць яе.
Дачка Віктара Сямёнавіча, Наталля Віктараўна Велігура, атрымала ў спадчыну ад бацькі не толькі працавітасць і дабрыню, але і глыбокую павагу да гісторыі сваёй сям’і і краіны. Будучы маленькай дзяўчынкай, на свае вочы бачыла, як знаходзілі астанкі загінуўшых салдат у яе роднай вёсцы. Памятае, як перазахоўвалі воінаў.
У свядомым узросце яна пераехала ў Беларусь, на Брагіншчыну. Цяпер працуе загадчыцай дзіцячага садка ў Хракавічах, працягваючы справу сваёй маці. Яна выхоўвае дзевяць унукаў, якім перадала традыцыю бацькі – шанаваць памяць тых, хто вызваляў краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Педагагічная дынастыя Ямеліных працягваецца і ў наступных пакаленнях. Праўнук Віктара Сямёнавіча, Мікіта, пайшоў па слядах прабабулі і бабулі: стаў настаўнікам пачатковых класаў. А праўнучка Яўгенія зараз вучыцца ў Лоеўскім педагагічным каледжы.
У доме Наталлі Віктараўны і па сёння захоўваюцца медалі і фотаздымкі бацькі, якія беражліва перадаюцца ад пакалення да пакалення. Гэта не проста рэліквіі, а жывая сувязь часоў, памяць пра гераізм і мужнасць простага салдата, які дайшоў да Берліна, пра яго любоў да Радзімы і ўклад у Перамогу.
Гісторыя Віктара Сямёнавіча Ямеліна – гэта толькі адна з мільёнаў гісторый герояў Вялікай Айчыннай вайны, з якіх складваецца гісторыя нашай Перамогі.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.