
Яркае сонейка і раптоўны цёплы дожджык, духмяны водар траў і кветак, птушыны гоман і шэпт каласоў, смак сакавітых ягад, свежай садавіны і гародніны…
Ну хто з дзяцей не любіць лета? Час адпачываць і натхняцца прыгажосцю прыроды. Невыпадкова самы першы дзень гэтай цудоўнай пары аддадзены чароўнаму і непаўторнаму свету маленства. Дакладней, яго абароне. І для нас, дарослых, гэта добрая нагода задумацца: што мы павінны зрабіць, каб жыццё сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак было шчаслівае, а будучыня – светлая? Патрэбна, дарэчы, не так і многа: наша любоў, увага, клопат і цеплыня.
У Міжнароднага дня абароны дзяцей, да слова, свая гісторыя. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята пасля Другой сусветнай вайны, якая загубіла мільёны жыццяў і выклікала ў актывістаў жаданне абараніць усіх маленькіх жыхароў планеты ад новай ваеннай навалы. Менавіта тады, у 1949 годзе, на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі жанчын прагучала клятва «нястомна змагацца за забеспячэнне трывалага міру як адзінай гарантыі шчасця дзяцей». І вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў дата першага чэрвеня нагадвае грамадству аб неабходнасці абароны правоў падрастаючага пакалення, умацавання адказнасці ў цэлым за лёс нашай будучыні.
У Беларусі ахова дзяцінства – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы. Законныя інтарэсы маленькіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі, Кодэксе аб шлюбе і сям’і, Законе «Аб правах дзіцяці», дэкрэце №18, іншых дакументах. Дзейнічае сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот сем’ям з дзецьмі. На абароне інтарэсаў падрастаючага пакалення стаіць і грамадства, і дзяржава.
Адметна, што Міжнародны дзень абароны дзяцей святкуецца з пачаткам лета, а значыць, і самых працяглых канікул. Наперадзе ў школьнікаў – час адпачынку. Цэлыя тры месяцы – без урокаў і дамашніх заданняў. Няхай яны парадуюць добрым надвор’ем, яркімі падзеямі, цікавымі сустрэчамі, карыснымі справамі, а ў дарослых будзе як мага менш хваляванняў за сваіх дзяцей.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.