Яго паэзія апявала прыгажосць роднай зямлі і гераізм народа.
Пятрусь Броўка (сапраўднае імя Пётр Усцінавіч Броўка) нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 года ў вёсцы Пуцілкавічы Віцебскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства займаўся сельскай працай, а ў дзевяцігадовым узросце дапамагаў жанчынам пісаць лісты мужам на франты Першай сусветнай вайны.
Да 1924 года Броўка змяніў некалькі прафесій, узначаліў камсамольскую арганізацыю ў сваёй вёсцы. У 1925–1927 гадах ён загадваў аддзелам акружкама камсамола ў Полацку, а затым працаваў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Чырвоная Палотчына».
Першыя крокі ў паэзіі
Першы верш «Ой, не шапчы, мая бярозка» Броўка напісаў у Полацку ў 1926 годзе, сумуючы па вёсцы. Ён быў апублікаваны ў газеце «Чырвоная Полатчына» і ў літаратурным альманаху «Наддзвінне». У 1930 годзе выйшаў яго першы зборнік вершаў.
У 1928 годзе Броўка ўступіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», але неўзабаве пакінуў яго, стаўшы адным з заснавальнікаў эпатажнай літаратурнай арганізацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», удзельнікі якой называлі сябе футурыстамі. Аднак у 1928 годзе камуна распалася, і Броўка вярнуўся ў «Маладняк».
Вайна і пасляваенная творчасць
У гады Вялікай Айчыннай вайны Броўка служыў у Чырвонай Арміі, працаваў у франтавым і партызанскім друку. У гэты час ён напісаў паэму «Беларусь», у якой апяваецца прыгажосць краіны і яе гераічная гісторыя.
Ваенная лірыка паэта, заснаваная на асабістых перажываннях, адрозніваецца шчырасцю і глыбінёй.
Спадчына і памяць
Пятрусь Броўка з’яўляецца адным з самых тытулаваных беларускіх паэтаў. Ён быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Дружбы народаў і ордэнам «Знак Пашаны». Яго творы былі адзначаны Сталінскай прэміяй, Ленінскай прэміяй і Дзяржаўнай прэміяй БССР.
У Мінску, Віцебску, Гомелі, Полацку, Ушачах і Лепелі ёсць вуліцы, названыя ў гонар Броўкі. У Беларусі існуюць два музеі паэта. Яго імя таксама носяць Вялікапольская сярэдняя агульнаадукацыйная школа, калгас «Новае жыццё» і выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.