На мінулым тыдні брагінчане згулялі чарговы матч у рамках чэмпіянату вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. У напружанай і захапляльнай сустрэчы гаспадары поля заваявалі першую перамогу ў турніры, абыграўшы «Стралу» з Нароўлі з лікам 4:2.
Гульня пачалася дынамічна: ужо на 8-й хвіліне брагінчане парадавалі балельшчыкаў першым голам, аўтарам якога стаў Яўген Жыжэнка. Трыбуны ўзняліся ад захаплення, але эйфарыя доўжылася нядоўга. Госці хутка адрэагавалі, зраўняўшы лік, а затым і выйшлі наперад. Варта адзначыць, што мячы, што заляталі ў вароты гаспадароў, былі, мякка кажучы, не самымі складанымі, што відавочна адбілася на настроі нашых футбалістаў. На перапынак каманды сышлі з несуцяшальным для гаспадароў лікам 1:2.
У другім тайме брагінчане прадэманстрававалі больш зладжаную гульню і непахісную волю да перамогі. Пасля аналізу памылак, дапушчаных у першым тайме, землякі нібы перарадзіліся. Фартуна відавочна спрыяла гаспадарам, дазволіўшы ім тройчы паразіць вароты саперніка. У другім тайме вызначыліся Багдан Грышоў, Ягор Шынкарэнка и Сяргей Марчанка. Выніковы лік 4:2 стаў заслужанай узнагародай за праяўлены характар.
Гэта перамога прынесла землякам доўгачаканыя ачкі ў турнірную табліцу, падняўшы баявы дух і ўмацаваўшы веру ў свае сілы. Да гэтага ў актыве нашай каманды быў усяго 1 бал, зароблены за нічыю з Лоевам. «Страла» ж працягвае займаць апошні радок турнірнай табліцы, не маючы ў сваім актыве ні аднаго ачка.
– На гульню супраць Нароўлі мы настрайваліся як ніколі адказна, бо трэба было выбірацца з ніжняй часткі турнірнай табліцы. У першым тайме мы гулялі актыўна, першымі адкрылі лік, але сапернік хутка адыграўся. У перапынку Юрый Крываручка знайшоў патрэбныя словы, каб наладзіць баявы дух. У другім тайме мы пераламілі ход гульні. Каманда атакавала і абаранялася як адзіны механізм, мы адчувалі адзін аднаго на полі. Хачу адзначыць абаронцу Сяргея Марчанку, за якім я адчуваю сябе як за каменнай сцяной. Ён забіў прыгожы гол са штрафнога. Лічу, што Сяргей быў найлепшым гульцом матчу. Гуляць дома заўсёды камфортней, чым на выездзе, дома і сцены дапамагаюць. Дзякуй балельшчыкам за ўтульную атмасферу на стадыёне, – адзначыў варатар землякоў Пётр Сачанка.
Аўтар гола ў вароты Нароўлі Ягор Шынкарэнка падкрэсліў:
– У пачатку сустрэчы мы забілі першымі і крыху расслабіліся, што прывяло да двух прапушчаных галоў. Нам не хапала паразумення на полі. У другім тайме мы змянілі тактыку, адмовіліся ад доўгіх закідаў, перайшлі на гульню кароткімі пасамі нізам і перадачамі. Мы таксама пачалі актыўна прэсінгаваць абарону гасцей, не даючы ім выйсці са сваёй паловы поля. Дзякуючы сумеснай працы, добрай гульні ў пас і актыўнаму прэсінгу мы змаглі пераламаць ход гульні і перамагчы.
Нагадаем, што сёлета ў чэмпіянаце Гомельскай вобласці ўдзельнічаюць 22 каманды, падзеленыя на чатыры дывізіёны. Брагін змагаецца ў групе Б3, дзе яго сапернікамі з’яўляюцца каманды з Ельска, Хойнікаў, Лоева і Нароўлі. Гэта перамога – важны крок на шляху да дасягнення пастаўленых мэтаў.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.