Брагінчане 7 чэрвеня сустрэнуцца з Нароўляй у рамках чэмпіянату вобласці сярод мужчынскіх каманд другой лігі

Грамадства Спорт

На футбольных палях Гомельшчыны працягваецца чэмпіянат вобласці сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Брагінчане змагаюцца ў групе Б3, дзе іх сапернікамі з’яўляюцца Ельск, Хойнікі, Лоеў і «Страла» з Нароўлі.

Пасля дамашняга паражэння ад Ельска з лікам 1:4 брагінчане накіраваліся на выязны матч-рэванш, поўныя баявога духу і імкнення да перамогі. Аднак, нягледзячы на ўпэўнены настрой, удача зноў апынулася не на іх баку. У вароты нашай каманды заляцела 7 мячоў, у той час як яны змаглі адказаць толькі адным голам, аўтарам якога стаў Андрэй Бокша. Выніковы лік – 7:1 на карысць Ельска.

Апорны паўабаронца брагінчан Цімур Туляеў падзяліўся сваім бачаннем прычын паражэння:

– Нашай камандзе не хапае веры ў сябе, а таксама гульцоў, якія, на жаль, траўмаваныя або занятыя на асноўнай працы. Недастатковае ўзаемадзеянне падчас гульньняў таксама адбіваецца: не ва ўсіх ёсць магчымасць трэніравацца і адпрацоўваць камбінацыі, таму даводзіцца спадзявацца на вопыт і імправізацыю.

Землякі таксама адзначылі некаторыя моманты, звязаныя з судзействам матчу. На іх думку, рашэнні арбітра часам выклікалі пытанні, трактоўка правілаў у розных эпізодах адрознівалася. Акрамя таго, брагінчане падкрэслілі, што паводзіны некаторых мясцовых балельшчыкаў, лаянка ў адрас нашых футбалістаў былі непрымальнымі і недапушчальнымі, як і на іншых спартыўных мерапрыемствах.

Нягледзячы на паражэнне, брагінчане не губляюць надзеі на паляпшэнне вынікаў. Ужо заўтра ў 14.00 на стадыёне ДЮСШ Брагінскага раёна іх чакае матч з Нароўляй. Балельшчыкі вераць, што каманда зможа сабрацца, прадэманстраваць упэўненую гульню і заваяваць доўгачаканыя ачкі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.