♦ Максім Багдановіч рос у сям’і, дзе выхаванне вялося выключна на рускай мове. Беларускую ён чуў, толькі калі прыязджаў у вёску да сваякоў. А маці бянтэжылася, калі яе сыны размаўлялі па-беларуску, – пра гэта сведчаць радкі з яе лістоў да мужа.
♦ Будучы паэт быў не вельмі паслухмяным вучнем. Яго бацька пісаў, што Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў, круціўся, размаўляў з суседзямі, жартаваў, спазняўся ці зыходзіў з урокаў. А ў 1906 годзе хлопец увогуле атрымаў нездавальняючыя адзнакі па некалькіх прадметах і быў пакінуты на другі год у чацвёртым класе.
♦ Адзіным прыжыццёвым зборнікам паэзіі Максіма Багдановіча быў «Вянок», надрукаваны ў 1914 годзе. Але толькі ім яго творчая спадчына не абмяжоўваецца. Багдановіч пакінуў пасля сябе і паэмы, і апавяданні, і пераклады… Прычым здавалася, што ўсе творы Багдановіча даўно падлічаны і вывучаны. Якім жа было здзіўленне, калі праз сто гадоў пасля яго смерці навукоўцы адкрылі раней невядомы верш паэта. Яго знайшлі ў 2018 годзе падчас падрыхтоўкі матэрыялаў для кнігі «Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі». Верш аказаўся ў рукапісным сшытку класіка з рускамоўнымі перакладамі. Літаратуразнаўцы мяркуюць, што можна адшукаць і беларускі арыгінал невядомага дагэтуль твора. Як бачыце, і ў ХХІ стагоддзі Багдановіч працягвае здзіўляць.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.