У чэмпіянаце Гомельскай вобласці сярод мужчынскіх каманд другой лігі надзейнай апорай для Брагіна з’яўляецца дасведчаны апорны паўабаронца Цімур Туляеў. Яму 37 гадоў, але яго захапленне футболам не згасае, а, наадварот, натхняе на новыя здзяйсненні.
Нарадзіўся Цімур на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі Расіі, але дзяцінства і юнацтва звязаны з Брагіншчынай. Сям’я Туляевых пераехала сюды, калі хлопцу было каля 10 гадоў. Менавіта тут ён пайшоў у школу, спазнаваў свет і знайшоў любімы занятак на ўсё жыццё – футбол.
У дзяцінстве юнак спрабаваў свае сілы і ў іншых відах спорту: баскетболе і валейболе, але захапіў яго толькі футбол.
– Маім першым трэнерам быў Леанід Аляксандравіч Зуеўскі. Менавіта ён навучыў нас базавым рэчам: бачыць схемы сапернікаў, абараняць зоны і змагацца за кожны мяч, – узгадвае Цімур.
Атрымаўшы агульную сярэднюю адукацыю ў Брагінскай школе, спартсмен пачаў свой шлях у дарослае жыццё. Доўгі час ён працаваў у будаўнічай сферы, якая заўсёды яго натхняла. Магчыма, менавіта гэта дапамагло выпрацаваць характар пераможцы, які цяпер так неабходны на футбольным полі. Зараз Цімур жыве ў Рэчыцы, але Брагін для яго назаўсёды застаецца месцам сілы.
Што ж матывуе выходзіць на поле, змагацца за кожны мяч і імкнуцца да перамогі? «Любоў да футбола і прыгожыя моманты», – прызнаецца спартсмен. Яго галы, забітыя эфектнымі ўдарамі ў падзенні, запамінаюцца надоўга, выклікаючы захапленне ў балельшчыкаў. У гэтым плане ён падобны на свайго таварыша па камандзе Яўгена Сцецкага.
За сваю футбольную кар’еру Цімур згуляў мноства запамінальных матчаў. Ён выступае і ў рэчыцкай аматарскай лізе, і ў першай лізе Гомеля па футзале. Прага новых адчуванняў, імкненне да дасканаласці і пастаяннага росту – вось што рухае гэтым дасведчаным гульцом.
– Вопыту я набраўся ў рэчыцкай лізе, дзе, на мой погляд, узровень гульні мацнейшы, чым у абласным цэнтры. Мая мэта – трапіць у суперлігу па футзале, бо я ўніверсальны гулец: стаю яшчэ і на варотах. Хачу даказаць сабе, што магу дасягнуць большага, – расказывае спартсмен.
У чэмпіянаце па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі ўзровень таксама аматарскі, але гэта не прымяншае яго значэння.
– Мне заўсёды хочацца новых адчуванняў, таму я хутка пагадзіўся прыняць удзел у гэтым турніры. Тут кожны паказвае, чаму навучыўся, – лічыць Цімур.
Мэта брагінчан – дасягнуць вышэйшага выніку, выйсці на новы ўзровень.
– Адметная рыса нашай каманды ў тым, што мы заўсёды спаборнічаем да канца, – адзначае спартсмен. – Менавіта байцоўскі дух, самааддача і вера ў перамогу аб’ядноўваюць гульцоў.
У камандзе пануе атмасфера ўзаемапавагі і падтрымкі.
– Мы стараемся дапамагчы адзін аднаму на полі, падказваем, падбадзёрваем. Гэта – аснова, – адзначае футбаліст.
Ёсць у Цімура і іншыя захапленні. Ён актыўна вядзе свае сацыяльныя сеткі, дзеліцца ўражаннямі ад гульняў і жыцця. А яшчэ любіць спяваць:
– З дзяцінства мяне акружала музыка. Мой бацька быў барабаншчыкам у гурце, а дома часта іграў на гітары. Акрамя таго, у мяне быў настаўнік, які развіваў мой вакал. Таму зараз, калі душа патрабуе, я спяваю.
Акрамя гэтага, Цімур – клапатлівы бацька і любячы муж.
– З дзецьмі мы часта гуляем і дома, і на вуліцы. А вечарамі можам сабрацца за настольнай гульнёй, напрыклад, «Манаполіяй». Перад кожным футбольным матчам дзеці праводзяць мяне, жадаюць перамогі. А калі вяртаюся, распытваюць, як прайшла гульня, – з цеплынёй расказвае гулец.
Самая галоўнае для Цімура – здароўе і дабрабыт яго дзяцей. Дзеля іх ён гатовы выходзіць на поле, змагацца за перамогу і падаваць прыклад.
Маладым футбалістам жа спартсмен дае мудры савет: весці здаровы лад жыцця, у першую чаргу – правільна харчавацца, гуляць зладжана, але не баяцца браць ініцыятыву на сябе, калі гэта неабходна.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.