З 30 мая па 1 чэрвеня ў Баранавічах разгарнуліся валейбольныя баталіі Рэспубліканскай спартакіяды «Каласок», якая сабрала юных спартсменаў з аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў. Гомельскую вобласць прадстаўлялі пераможцы абласнога этапу – каманды Брагінскага (дзяўчаты), а таксама Лоеўскага (хлопцы) раёнаў.
Наша зборная, прадэманстраваўшы годную гульню і нязломны характар, спынілася за крок ад медалёў, заняўшы ганаровае 4-е месца. Каманду прадстаўлялі таленавітыя валейбалісткі з розных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна: Карына Фралова, Аліна Ногцева, Сафія Міхаленка, Маргарыта Краўчанка (Малейкаўская СШ), Вікторыя Цярэшчанка, Дар’я Машкоўская (Брагінская СШ), Марыя Сушчанка (гімназія г.п. Брагіна) і Караліна Давыдоўская (Чамярыская СШ).
Варта адзначыць, што каманда Лоеўскага раёна выступіла больш паспяхова, заваяваўшы сярэбраныя медалі спартакіяды.
– Нягледзячы на крыўднае 4-е месца, я ганаруся нашымі дзяўчатамі, – падзяліўся трэнер каманды Сяргей Сялецкі. – Яны паказалі сапраўдны камандны дух і змагаліся да канца ў кожнай гульні. Гэты вопыт, безумоўна, стане каштоўным для іх далейшага спартыўнага развіцця.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.