З 30 мая па 1 чэрвеня маляўнічы куток КУП ДРОЦ «Пралеска» Жлобінскага раёна стаў месцам правядзення абласнога турыстычнага злёту работнікаў адукацыі і навукі Гомельскай вобласці, прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ліку актыўных удзельнікаў і пераможцаў – каманда Брагіншчыны, якая прадэманстравала не толькі спартыўны дух, але і творчы патэнцыял.
Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія аб’ядналі больш за 400 педагагічных работнікаў з 21 раёна вобласці, а таксама зборную каманду ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Турзлёт адкрыўся ўрачыстай цырымоніяй, на якой з прывітальным словам выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў і старшыня абласной арганізацыі прафсаюза Жанна Ждановіч.
Насычаная спартыўная праграма ўключала ў сябе спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага і веласіпеднага турызму, спартыўным арыентаванні і пляжным валейболе. Акрамя таго, удзельнікі прадэманстравалі свае таленты ў творчых выпрабаваннях: конкурсах песні, на лепшы лагер, турыстычнай кухні і візітнай карткі каманды.
Брагінчане паказалі выдатныя вынікі, заваяваўшы дыпломы II ступені ў конкурсах турыстычнай кухні і ў спартыўным арыентаванні. Але сапраўдным трыумфам стала перамога ў спаборніцтвах па пляжным валейболе. Дзякуючы гэтаму нашы спартсмены ўвайшлі ў зборную каманды вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскім турзлёце.
У асабістым заліку дыпломы II ступені – у Вікторыі Лачугінай, Алега Сукача, Аляксея Раманюка. Дыпломы I ступені – у Аліны Шчучэнкі (на яе рахунку таксама дыплом II ступені) і Мікалая Малочкі.
Сваімі ўражаннямі падзялілася Вікторыя Лачугіна:
– Атмасфера на спаборніцтвах панавала сяброўская, нам пашанцавала з надвор’ем. Усе былі на пазітыве, зараджаныя на барацьбу. Спадабаліся і пасядзелкі каля вогнішча, песні пад гітару.
Дарэчы, Вікторыя плануе і ў далейшым удзельнічаць у падобных мерапрыемствах.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.