Такі вынік у раёне – адзіны.
Стараннасць, талент і мэтанакіраванасць – вось сакрэт поспеху гэтай дзяўчыны. Таццяна займалася пад кіраўніцтвам вопытнай настаўніцы Наталлі Раманчук, а таксама брала анлайн-урокі ў рэпетытара, што дазволіла ёй паглыбіць свае веды і падрыхтавацца да ЦТ на самым высокім узроўні.
Зараз перад дзяўчынай адчынены ўсе дзверы – яе высокія балы і па іншых прадметах дазваляюць выбіраць многія ВНУ краіны. Аднак яна цвёрда вырашыла звязаць сваё жыццё з выкладаннем і схіляецца да паступлення ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, каб стаць настаўніцай замежных моў.
– Мне падабаецца дапамагаць людзям вывучаць англійскую мову, бачыць іх поспехі і адчуваць, што маеш дачыненне да іх дасягненняў, – дзеліцца Таццяна. – Акрамя таго, веданне замежных моў адкрывае магчымасці для падарожжа па свеце, што з’яўляецца маёй марай.
Цікава, што ў сям’і Канцавых ужо ёсць настаўнік – брат Таццяны, Уладзімір, працуе ў Мікуліцкай сярэдняй школе. Бацька Аляксандр – вадзіцель, а маці Раіса – бухгалтар.
Па словах Таццяны, цікавасць да замежнай мовы ў яе ўзмацнілася ў 8 класе. Да гэтага яна планавала стаць урачом, але зразумела, што хімія і біялогія даюцца не так лёгка, як гуманітарныя прадметы.
Дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў алімпіядах па англійскай мове і займала прызавыя месцы на раённых этапах. Гэта пацвярджала яе талент і высокі ўзровень ведаў.
– На ЦТ па англійскай мове я крыху хвалявалася, – прызнаецца Таццяна. – Але заданні мне здаліся даволі лёгкімі. Я праглядвала ўсе варыянты мінулых гадоў, таму складанасцей не ўзнікла. Усё атрымалася дзякуючы ведам, падтрымцы блізкіх і настаўнікаў.
Першымі будучую абітурыентку са 100 баламі павіншавалі члены сям’і, а затым – настаўнік і рэпетытар.
У вольны час Таццяна любіць чытаць кнігі, глядзець фільмы, асабліва фантастыку і рамантыку. А яшчэ дзяўчына захапляецца жывапісам і з задавальненнем размалёўвае карціны.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.