У сучасным свеце, дзе тэмп жыцця паскараецца з кожным днём, усё больш людзей імкнуцца вырвацца з шумных гарадоў і знайсці спакой на ўлонні прыроды. Сельскі турызм, або агратурызм, становіцца ўсё больш папулярным напрамкам для адпачынку, і Беларусь не застаецца ў баку ад гэтай тэндэнцыі. Дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу, багатай гісторыі і самабытнай культуры наша краіна прыцягвае гасцей з розных куткоў Еўропы і СНД.
Пра алгартым дзеянняў, неабходных для таго, каб займацца аграэкатурызмам у Беларусі, расказаў старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка:
– Перш за ўсё трэба пастаянна пражываць у сельскай мясцовасці, пасёлку гарадскога тыпу або горадзе з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек. Патрэбна вырошчваць або перапрацоўваць сельскагаспадарчую прадукцыю – гэта дазваляе прапаноўваць турыстам экалагічна чыстыя прадукты. Не менш важна, каб аграэкасядзіба належала вам і (або) члену вашай сям’і на праве ўласнасці. Акрамя таго, у ёй павінны быць свабодныя жылыя пакоі для размяшчэння турыстаў. А ў гаспадароў – магчымасць для азнаямлення гасцей з прыроднымі і архітэктурнымі аб’ектамі, культурнымі традыцыямі адпаведнай мясцовасці.
Да самой аграэкасядзібы таксама ёсць пэўныя патрабаванні. Зямельны ўчастак, на якім размешчаны гасцявы домік, павінен мець пад’язныя шляхі, добраўпарадкаваную тэрыторыю і пляцоўку для паркоўкі аўтамабіляў. Яго максімальная вышыня – не больш за 7 метраў у каньку і 5 метраў да верхняй часткі парапета. Колькасць жылых пакояў – да дзесяці. Важна памятаць, што ў аднаго гаспадара можа быць не больш за дзве аграэкасядзібы.
– Важна таксама забяспечыць аграэкатурыстаў харчаваннем, выкарыстоўваючы прадукцыю ўласнай вытворчасці: варэнне, стравы са свежай гародніны, вырашчанай на градцы, – усё гэта створыць непаўторную атмасферу і дазволіць гасцям адчуць смак сельскага жыцця, – падкрэсліў Юрый Уладзіміравіч.
Арганізацыя пазнавальных, спартыў-ных і культурна-забаўляльных экскурсій і праграм – яшчэ адзін важны аспект аграэкатурызму.
Можна прапанаваць наведванне гістарычных помнікаў, знаёмства з народнымі рамёствамі, удзел у традыцыйных святах і абрадах. Не варта забываць і аб правядзенні прэзентацый, юбілеяў, банкетаў у атмасферы вясковай ідыліі. Паслугі лазняў, саўнаў, душавых таксама стануць прыемным дадаткам да адпачынку. А катанне на вазках, запрэжаных коньмі, дазволіць гасцям адчуць сябе сапраўднымі сельскімі жыхарамі. Веласіпеды, лодкі, рыбалоўныя снасці і іншы інвентар зробяць адпачынак яшчэ больш актыўным і разнастайным. І, вядома ж, не варта забываць аб транспартным абслугоўванні, якое дазволіць турыстам з камфортам дабрацца да сядзібы і наведаць цікавыя навакольныя месцы.
Важна памятаць, што ўладальнік абавязаны прапанаваць турыстам не менш за дзве паслугі, пры гэтым абавязкова – адну з вышэйпералічаных (жыллё, харчаванне або арганізацыю экскурсій).
Яшчэ адзін абавязак – выкананне санітарных норм, уключаючы штогадовае рэнтген-флюараграфічнае абследаванне, падтрыманне чысціні тэрыторыі і спраўнасці інжынерных сістэм.
– Неабходна таксама выконваць прыродаахоўныя і супрацьпажарныя патрабаванні, не парушаць грамадскі парадак і прымаць меры для забеспячэння выканання правілаў турыстамі. Важна памятаць, што забаронена праводзіць мерапрыемствы, такія як прэзентацыі і юбілеі, побач з межамі зямельных участкаў, дзе размешчаны жылыя дамы, без пісьмовай згоды суседзяў, – расказаў старшы інспектар.
Што датычыцца падаткаабкладання, то ўладальнік аграсядзібы можа выбіраць паміж выплатай збору за аграэкатурызм і падаткам на прафесійны даход. Выплата збору магчыма толькі пасля атрымання дазволу ад выканкама. Неабходна таксама штогод прадстаўляць у падатковую інспекцыю інфармацыю аб заключэнні (незаключэнні, адсутнасці) дагавораў на аказанне паслуг.
Для тых, хто вырашыць заняцца аграэкатурызмам, ААТ «Белаграпрамбанк» выдае крэдыты. Пра суму базавых велічынь, тэрмін і працэнты можна даведацца ў банку.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.