Брагінчане згулялі ўнічыю з Хойнікамі ў рамках абласнога чэмпіянату па футболе. Узгадваем, як гэта было

Грамадства Спорт

У рамках чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі брагінчане згулялі чарговы матч на сваім полі. Сапернікам стала каманда Хойнік – лідар групы Б3. Землякі ж знаходзяцца на апошнім месцы, таму сустрэча абяцала быць напружанай і відовішчнай.

Госці прыехалі на матч фаварытамі, але з першых хвілін ініцыятыва была за гаспадарамі поля. Гульню пабудавалі на контратаках, а хайнічане не чакалі такога прэсінгу. У выніку ўжо на 5-й хвіліне «Брагін» адкрыў лік, аўтар гола – Сяргей Пацега.

Гэта надало камандзе ўпэўненасці, але працягвалася яна не доўга. Праз некалькі хвілін адзін з нашых гульцоў быў выдалены за неспартыўныя паводзіны, і гаспадары засталіся ў меншасці. Давялося перабудаваць гульню – адысці ў абарону, што і дазволіла гасцям скарыстацца сітуацыяй. Неўзабаве яны зраўнялі лік, а за некалькі хвілін да канца тайма выйшлі наперад.

У перапынку брагінчане ўнеслі карэктывы, перагледзелі тактыку і зрабілі замены. Выйшлі ў баявым настроі. Гульня пачалася на роўных, нягледзячы на меншасць гаспадароў. Брагінчане хутка забілі мяч і зраўнялі лік. Зрабіў гэта капітан каманды Мацвей Гладкі, які перахапіў мяч і на контратацы забіў са штрафной лініі. Прыкладна праз 10 хвілін, пры розыгрышы вуглавога, землякі забілі яшчэ адзін гол і выйшлі наперад, дзякуючы Яўгену Жыжэнку. Балельшчыкі радаваліся, а «Хойнікі» былі ў шоку ад таго, што да гэтага ўсе матчы выйгравалі, сёння мелі перавагу ў аднаго гульца, але ўсё роўна саступалі. Негледзячы на гэта, яны пачалі адыгрывацца, а гаспадарам давялося вярнуцца ў абарону. Гэта і паўплывала на вынік, хайнікчане зраўнялі лік – 3:3.

Напружаная гульня ішла да апошніх секунд. У абедзвюх каманд было жаданне перамагаць, але ў выніку матч скончыўся баявой нічыёй (3:3).

Важна адзначыць, што дзякуючы такому выніку «Брагін» адабраў у лідара групы тры ачкі, дазволіўшы «Хойнікам» пакласці ў сваю скарбонку ўсяго адзін бал.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.