«МедыяПост» пацікавіўся. Аляксандр Цярэшчанка: «Міратворац – той, хто жыве ў згодзе з сабой і нясе мір іншым»

Галоўнае Грамадства

Дзень Незалежнасці падарыў сустрэчу з цікавым чалавекам, якога добра ведаюць на Брагіншчыне. Аляксандр Цярэшчанка – ураджэнец вёскі Рудня Жураўлёва. Ён патрыёт, міратворац і проста неабыякавы грамадзянін.

– Аляксандр Паўлавіч, што, на Вашу думку, з’яўляецца галоўным у працы міратворца?

– Усведамленне самой сутнасці гэтай дзейнасці. Міратворац – гэта стан душы. Гэта чалавек, які жыве ў гармоніі з сабой і здольны прывесці да гэтага ладу іншых. Асабістыя якасці – бескарыслівае служэнне людзям, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі дзеля агульнага дабра. Але галоўнае, безумоўна, чалавечнасць.

–  Што са свайго вопыту Вы хацелі б перадаць маладому пакаленню?

– Найперш – любоў да людзей, сваёй Радзімы, навакольнага асяроддзя. Важна імкнуцца да добрых спраў, быць энтузіястам. Трэба ўмець будаваць сяброўскія адносіны, падтрымліваць адзін аднаго. І, вядома ж, неабходна негатыўна ставіцца да абыякавасці, зайздрасці, сквапнасці, зла, агрэсіі і хлусні. Гэта тыя рэчы, якія руйнуюць грамадства і перашкаджаюць нам жыць у міры і згодзе.

– Што для Вас значыць Брагіншчына?

– На гэтае пытанне я лепш адкажу словамі сваёй песні:

«Край майго дзяцінства,

квецень васількоў,

Шчодрыя гасцінцы шчырых землякоў.

Клінам жураўліным да цябе імкнуся,

Брагін мой любімы, табою ганаруся!»

Тут я нарадзіўся, тут знайшлі апошні прытулак мае бацькі, тут жывуць шчырыя, спагадлівыя, працавітыя мае землякі, якіх я люблю. Брагіншчына – гэта мая радзіма, мая душа, маё жыццё.

– Якой Вы бачыце будучыню нашага раёна?

– Светлай! Я веру, што гэта будзе квітнеючы край. Спадзяюся на далейшае развіццё аграгарадкоў. Шкада, вядома, маленькіх вёсачак, але я думаю, што замест іх з’явяцца прыгожыя аграсядзібы і хутары. Самае галоўнае – каб у раёне жылі шчаслівыя людзі.

– Творчасць – гэта памкненне душы. Якое месца ў Вашым жыцці займаюць вершы і песні?

–  Калі сэрца і душа жывуць у згодзе, спяваюць ва ўнісон, жаданне ствараць прыходзіць само. Для мяне верш – як наркотык, не магу ўжо без яго. Таму і пішу. Творчасць – мая аддушына, спосаб выказаць свае думкі і пачуцці, падзяліцца сваім светапоглядам з іншымі людзьмі.

– Каб краіна і далей жыла ў міры і згодзе, што павінна быць, на Ваш погляд, абавязковым для кожнага яе грамадзяніна?

– Перш за ўсё ён павінен быць патрыётам, любіць Беларусь, родную мову, ведаць і шанаваць спадчыну, захоўваць гістарычную памяць і праўду.

Паліна ГЕРАСІМЕНКА,

юны карэспандэнт клуба «МедыяПост»

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.