У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаць Купалле – адно з самых старажытных і містычных святаў, авеяных легендамі і паданнямі

Грамадства

Лічыцца, што ў гэты час дрэвы перасоўваюцца з месца на месца, жывёлы размаўляюць, а ў рэках купаюцца русалкі, і мяжа паміж рэальнасцю і чараўніцтвам становіцца танчэйшай, чым калі-небудзь.

Свята звязана з днём летняга сонцастаяння і культам сонца. Самім словам «Купала» называлі гарачую, кіпячую гневам істоту, якая ўвасабляе сілу і моц сонца, таму ў купальскую ноч нашы продкі дзякавалі агню, вадзе і зямле за іх шчодрасць і ўрадлівасць.

Пазней вераванні беларусаў цесна перапляліся з хрысціянскімі традыцыямі. У гэты дзень сталі ўслаўляць Іаана Хрысціцеля, дзень нараджэння якога прыпадае на час летняга сонцастаяння. Акрамя таго, людзі заўважылі сугучча слоў «Купала» і «Купаць», а хрышчэнне, як вядома, праходзіла з дапамогай вады.

Адзін з самых вядомых купальскіх абрадаў – пошук кветкі папараці, якая, згодна з легендай, распускаецца толькі ў гэту ноч і надзяляе свайго ўладальніка дарам разумець мову жывёл, бачыць русалак і знаходзіць усе скарбы на зямлі. Але знайсці такую чароўную кветку можа толькі самы смелы, гатовы супрацьстаяць сілам цемры.

Яшчэ адзін важны сімвал свята – купальскае вогнішча, якое ўвасабляе ачышчэнне. Маладыя людзі скачуць праз яго ў парах, верачы, што калі не адпускаць рукі партнёра, то юнака і дзяўчыну чакае шчаслівае сямейнае жыццё. Акрамя таго, у вогнішча кідаюць старыя і непатрэбныя рэчы, просячы замест іх новы хлеб, лён і пладавітасць хатнім жывёлам.

Вада ў купальскую ноч валодае такой жа ачышчальнай сілай, як і агонь. Таму ўсе імкнуцца выкупацца ў рацэ ці возеры. Дзяўчаты варожаць, пускаючы вянкі на ваду і назіраючы за іх рухам.

На Брагіншчыне, як і па ўсёй Беларусі, шануюць старажытныя традыцыі і штогод святкуюць Купалле. Апошнія гады свята праходзіць на беразе Брагінкі, дзе разгортваюцца народныя гулянні, гучаць песні і выконваюцца танцы. Гэта не проста забава, а магчымасць дакрануцца да каранёў, адчуць сувязь з продкамі і атрымаць асалоду ад адпачынку на прыродзе.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.