Музыка суправаджае нас паўсюль і заўсёды. Без яе – ні адпаведнага настрою, ні святаў, ні народных гулянняў. А як раней, калі не было нават прайгравальніка? Заставалася адно – чакаць умельцаў-музыкантаў, якія ці дзесьці адшукалі, ці змайстравалі інструмент і без падручнікаў яго асвоілі. На чым ігралі, зараз і раскажам.
Дуда
Адным з самых старажытных народных інструментаў на Беларусі з’яўляецца дуда. Яна выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека: на хрэсьбінах, на вяселлі. Дуда-«весялуха» падыгрывала танцам, песням у час каляднага і валачобнага абрадаў, на кірмашах, паказах батлейкі.
На дудзе ігралі скамарохі на святах у Радзівілаў у XII стагоддзі: на адной з выяў у летапісе ёсць дудар. Пад песні і гучанне гэтага інструмента ў пачатку XIV стагоддзя народ сустракаў князя Альгерда з паспяховых ваенных паходаў.
Аднак складана нават уявіць, калі дуда ўпершыню зайграла на беларускіх землях. Яна вядзе яшчэ да славянскіх міфаў.
Цымбалы
Цымбалы ўзгадваюцца нават у біблейскіх псалмах. А ў Беларусі гэты інструмент з’явіўся прыкладна ў XVI стагоддзі, калі мясцовыя жыхары, асабліва магнацкая моладзь, сталі часцей бываць у заходніх краінах і вярталіся адтуль з новымі прадметамі і ідэямі.
Цымбалы ўзгадваюцца ў «Малой падарожнай кнізе» Францыска Скарыны. І ўжо ў тыя часы, каля 1522 года, яны гучалі як на народных гуляннях, так і пры дварах беларускіх шляхцічаў і магнатаў. Выкарыстоўвалі іх і пры каталіцкіх цэрквах.
Многія майстры, дарэчы, з інтарэсам падыходзілі да вырабу гэтага музычнага інструмента. Таму ў розных рэгіёнах краіны цымбалы былі розныя. Некаторыя замацоўвалі іх на стале, некаторыя ставілі на калені ці падвешвалі з дапамогай рэменяў на плячах.
Скрыпка
Сучасная скрыпка і яе слава «каралевы аркестра» сёння больш асацыіруецца з шыкоўнымі філармоніямі і вячэрнімі ўборамі. Таму складана паверыць, што некалькі стагоддзяў назад яна была інструментам прасталюдзінаў. І ў сувязі з гэтым рэдка трапляла ў літаратурныя творы і гістарычныя дакументы.
Першае дакументальнае сведчанне існавання скрыпкі ў Беларусі адносіцца да 1566 года. Менавіта тады князь Сігізмунд-Аўгуст напісаў пісьмо свайму маршалку, наказаўшы браць падатак з музыкантаў-скамарохаў: дудароў, скрыпачоў і інш.
Першымі скрыпачамі на тэрыторыі нашай краіны і сапраўды былі скамарохі, вандроўныя акцёры і музыканты, якіх чакалі на народных гуляннях. Затое ўлады іх недалюблівалі, прымушалі плаціць падаткі і ўсімі сродкамі хацелі прагнаць са сваіх земляў.
Часта ўзгадваецца гэты інструмент у беларускім фальклоры. А ў знакамітай паэме «Сымон-музыка» скрыпка – частка вобраза галоўнага героя.
Гуслі
Дзякуючы Янку Купалу і яго знакамітаму вобразу аб гэтым музычным інструменце ведаюць многія беларусы, нягледзячы на тое, што з пачатку XX стагоддзя яго не так часта можна ў нас пачуць.
Гуслі тэхнічна дастаткова простыя. Напрыклад, дошку рабілі з любога дрэва. На яе нацягвалі струны. Упершыні гуслі ўзгадваюцца ў Кірылы Тураўскага ў дакументах XII стагоддзя.
Ужо ў XIX стагоддзі яны сталі страчваць папулярнасць, бо з’явілася магчымасць заказваць з-за мяжы больш складаныя шчыпковыя інструменты. Але, як і ў дуды, у гусляў нават сёння ёсць свае прыхільнікі. Іх называюць інструментам душы.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.