Раскажам пра легенду беларускай сцэны, народную артыстку БССР і СССР Стэфанію Станюту

Грамадства Гэта цікава

Беларуская гісторыя ведае шмат жанчын, якія дзякуючы свайму таленту і любові да абранай справы дабіваліся поспехаў насуперак любым абставінам. У іх ліку і Стэфанія Станюта.

Для многіх пакаленняў гледачоў яна стала не проста актрысай, а сапраўдным талісманам Купалаўскага тэатра, сімвалам нацыянальнага акцёрскага мастацтва. Да яе ставіліся як да роднага чалавека. Многія бачылі ў ёй маці, бабулю.

Нарадзілася Стэфанія ў 1905 годзе ў сям’і вядомага беларускага мастака Міхаіла Станюты. Адной з лепшых яго работ з’яўляецца партрэт дачкі, які захоўваецца ў Нацыянальным мастацскім музеі Беларусі. І менавіта бацька заўважыў у дзяўчынцы талент пераўвасабляцца. Юная Станюта была пластычная, валодала выдатным музычным слыхам і вельмі любіла танцаваць.

Яна вучылася ў царкоўна-прыходскай школе, потым – у Мінскай жаночай урадавай гімназіі. Спрабавала сябе як харыстка, танцорка, статыстка, а ў 16 гадоў сыграла першую ролю ў тэатры. З таго часу яе любоў да сцэны толькі мацнела.

Тэатральную адукацыю Стэфанія Станюта атрымала ў Беларускай драматычнай студыі, арганізаванай пры Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры, куды яе накіравалі ў 1921 годзе ў складзе групы таленавітай моладзі.

У Купалаўскім яна працавала амаль 70 гадоў і стварыла там цэлую галерэю жаночых вобразаў. Усяго сыграла каля 200 роляў, але шырока вядомая стала дзякуючы вобразам бабуль і пажылых жанчын. Калі Станюце было 53 гады, ёй упершыню прапанавалі здымацца ў кіно, што зрабіла яе яшчэ больш вядомай.

Сцэна не адпускала легендарную актрысу да апошніх дзён, і яна гэтаму не пярэчыла.

Пражыла Стэфанія Станюта доўгія 95 гадоў.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.