Спартсмены Брагіншчыны. Міхаіл Канавальчык – прыклад адданасці спорту і клопату пра здароўе моладзі

Грамадства Спорт

Ён працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Брагінскай сярэдняй школе, і не проста перадае веды, а запальвае ў вучнях іскру любові да актыўнага ладу жыцця.

Гэта Міхаіл Генадзевіч пацвярджае асабістым прыкладам і ўдзелам у раённых спартыўных спаборніцтвах.

Шлях да педагогікі пачаўся ў невялікай вёсцы Пераносы, дзе прайшло дзяцінства. Захапленне спортам, якое зарадзілася яшчэ ў Крыўчанскай базавай школе, перарасло ва ўсвядомленае рашэнне звязаць сваё жыццё з фізічнай культурай. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С. Выгоцкага, а затым і завочнага аддзялення БДУФК, зямляк пачаў свой педагагічны шлях у Малажынскай, Буркоўскай і Камарынскай школах. З 2023 года ён пачаў выкладаць у Брагінскай СШ.

Міхаіл Канавальчык не толькі таленавіты педагог, але і прыклад для пераймання.

Ён актыўна ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах – дэманструе вучням, што спорт – гэта не толькі карысна для здароўя, але і займальна.

– У эпоху гаджэтаў і інтэрнэту складаней матываваць дзяцей займацца спортам, – прызнаецца Міхаіл. – Таму даводзіцца паказваць асабістым прыкладам неабходнасць актыўнага ладу жыцця.

І вынікі яго працы гавораць самі за сябе. Вучні Міхаіла Генадзевіча неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Сярод апошніх дасягненняў – прызавое месца Дзяніса Касухі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, перамога Івана Пузырына ў абласных спаборніцтвах па мнагабор’і «Абаронца Айчыны» і «Здароўе» і трэцяе месца Вікторыі Лачугінай на абласной алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі.

Сумяшчаць выкладчыцкую дзейнасць і ўдзел у спартыўных спаборніцтвах бывае складана, але дапамагае любоў да спорту дысцыпліна. На думку Міхаіла, важныя якасці для настаўніка – стрэсаўстойлівасць, уменне працаваць у камандзе і высокі прафесіяналізм. Сам ён валодае ўсімі гэтымі якасцямі ў поўнай меры.

Вольны час Міхаіл імкнецца прысвяціць сям’і – жонцы Наталлі і дачцэ Дамініцы.

Акрамя гэтага, ён любіць гуляць у валейбол, настольны тэніс, футбол, баскетбол, шахматы, хадзіць у паходы – вядзе актыўны лад жыцця і перадае гэтую любоў сваім блізкім. – Самае галоўнае для мяне ў жыцці – здароўе і дабрабыт сям’і, – кажа Міхаіл Канавальчык.

І ў гэтым, напэўна, і заключаецца сакрэт яго поспеху: ён не проста выкладае фізкультуру, а выхоўвае здаровае і шчаслівае пакаленне, натхняючы сваім прыкладам і любоўю да жыцця.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.