Дзень ведаў – адна са значных падзей у жыцці любога школьніка, а першакласніка – тым больш. Для дзяцей, якія ўпершыню сядуць за парты, 1 верасня пачнецца новы, даволі адказны і сур’ёзны этап. Іх чакаюць урокі, дамашнія заданні, адказы каля дошкі, адзнакі. І тут вельмі важна, з якім настроем хлопчыкі і дзяўчынкі пераступяць парог навучальнай установы. Для кожнага з іх вялікае значэнне зараз маюць і адзенне з абуткам, і ранец, і канцылярскія прыналежнасці.
Па традыцыі на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выхоўваюцца ў мнагадзетных і няпоўных сем’ях, з’яўляюцца сіротамі ці інвалідам, прыходзяць грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, працоўныя калектывы, індывідуальныя прадпрымальнікі і інш. Дзеля гэтага ў апошні месяц лета ў Беларусі арганізоўваецца дабрачынная акцыя «Збяры партфель першакласніку», удзел у якой можа прыняць любы жадаючы.
Такія ініцыятывы паказваюць, што наша грамадства аб’ядноўваецца дзеля агульнай мэты – падтрымаць дзяцей і даць ім магчымасць пачаць іх першы навучальны год з радасным настроем, адправіцца ў школу ў поўнай экіпіроўцы.
Па папярэдніх даных, у рамках дабрачыннага марафона партфелі з неабходнымі школьнымі прыналежнасцямі атрымаюць больш за 40 юных жыхароў раёна – будучых першакласнікаў.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.