Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем свята, якое стала сімвалам адзінства друкаванага слова, гісторыі і найбагацейшай культуры нашага народа. Гэта – даніна павагі нашым продкам, якія стварылі ўнікальную літаратурную спадчыну, і выдатная магчымасць зазірнуць у будучыню беларускага пісьменства і кнігавыдання.
На бягучым тыдні, разгарнуўся цэлы калейдаскоп падзей, закліканых падкрэсліць значнасць літаратуры і культуры ў жыцці грамадства. Так, адбыліся ХХ Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», VII рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага», а таксама VIII форум маладых літаратараў «Слова». Важна адзначыць, што ўсе гэтыя мерапрыемствы былі прысвечаны знамянальнай даце – 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, што паўплывала на іх змест.
У рамках фестываляў і форумаў прайшлі семінары, творчыя сустрэчы, прэзентацыі новых кніг і выданняў, канцэрты, з’езд праваслаўных пісьменнікаў і інш. Яны дазволілі абмяняцца вопытам, абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця літаратуры і культуры, а таксама ўмацаваць творчыя сувязі паміж пісьменнікамі і чытачамі.
Чытаем па-беларуску
Менавіта да Дня беларускага пісьменства прымеркавалі і праект «Чытаем па-беларуску». Ініцыятыва нарадзілася на адной з рэспубліканскіх нарад, што праходзіла ў рамках падрыхтоўкі да свята. Была выказана ідэя, што варта запрасіць да папулярызацыі гэтага мерапрыемства ў тым ліку і медыйных персон: палітыкаў, дзеячаў культуры, навуковую грамадскасць і артыстаў. Тым самым актыўней далучыць да беларускай мовы і літаратуры моладзь.
Ідэю рэалізаваў тэлеканал СТБ, а потым яе падхапілі і іншыя журналісты, у тым ліку «МП». На працягу двух тыдняў жыхары раёна чыталі радкі з вядомых вершаў айчынных класікаў, яшчэ раз падкрэсліваючы любоў да роднай мовы і літаратурнай спадчыны.
Гістарычныя карані і сучаснае гучанне
Варта прыгадаць, што ўпершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў 1994 го-ддзе ў старажытным Полацку. З таго часу эстафету прымалі гарады, чые назвы непарыўна звязаны з гісторыяй, навукай, літаратурай і кнігадрукаваннем Беларусі: Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў і іншыя. Кожны з іх уносіў сваю непаўторную ноту ў святочную сімфонію.
У 2017-м, калі мы адзначалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, цэнтрам урачыстасцей зноў стаў Полацк, дзе нарадзіўся Францыск Скарына. У 2018-м, калі сустракалі 25-годдзе свята, гасцей прымала Іванава Брэсцкай вобласці, а лейтматывам мерапрыемстваў стала тэма «Мая малая радзіма». Акцэнт быў зроблены на важнасці захавання і развіцця рэгіянальнай культуры. Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш – кожны з гэтых гарадоў, якія прымалі свята ў наступныя гады, адкрываў новыя грані беларускага пісьменства і культуры.
Юбілейны 30-ты Дзень беларускага пісьменства прайшоў у 2023 годзе ў Гарадку Віцебскай вобласці – на радзіме Канстанціна Вераніцына, аўтара знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе».
Летась эстафету прынялі Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Мерапрыемствы былі прысвечаны памяці знакамітага пісьменніка і дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі Філіпа Пестрака, а таксама вядомага журналіста і майстра лірычнай прозы Яраслава Пархуты. Госці змаглі наведаць знакамітыя славутасці рэгіёна – музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косаве.
З поглядам у будучыню
Сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства стала Ліда Гродзенскай вобласці. Гэты старажытны горад з захаваным сярэднявечным замкам славіцца сваімі выхадцамі, якія ўнеслі значны ўклад у беларускую культуру. Сярод іх – паэтка Данута Бічэль-Загнетава, пісьменнік Віктар Праўдзін і многія іншыя. Асаблівае месца ў гісторыі горада займае Валянцін Таўлай – таленавіты паэт, літаратуразнаўца і дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, чыё жыццё трагічна абарвалася ў 33 гады. У Лідзе працуе Дом Валянціна Таўлая, філіял Лідскага дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея. А 7 верасня будзе адкрыты помнік майстру слова.
Дзень беларускага пісьменства – гэта не проста свята, а жывая сувязь пакаленняў, дыялог з гісторыяй і ўпэўнены погляд у будучыню нацыянальнай культуры. Гэта магчымасць дакрануцца да вытокаў, адчуць веліч роднага слова і натхніцца на новыя творчыя здзяйсненні.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.