15 верасня ўся Беларусь адзначае Дзень бібліятэк. Мы зазірнулі ў Брагінскую цэнтральную раённую бібліятэку, каб даведацца, чым жыве сёння галоўны кніжны цэнтр раёна.
У штаце ўстановы – 10 чалавек, а ўсяго ў бібліятэчнай сістэме Брагіншчыны працуюць 29 адданых сваёй справе спецыялістаў. Пад кіраўніцтвам дырэктара Сяргея Пархамца яны штодня адкрываюць дзверы ў свет ведаў і культуры для жыхароў усіх узростаў.
– Масавыя мерапрыемствы з удзелам цікавых спікераў карыстаюцца нязменным поспехам у дарослых. Людзі прыходзяць у бібліятэку не толькі за кнігамі, але і за камунікацыяй, новымі ведамі і ўражаннямі. Работнікі актыўна арганізуюць сустрэчы з пісьменнікамі і іншымі творчымі людзьмі. На гэты месяц, напрыклад, запланавана сустрэча з нашым таленавітым земляком, аўтарам вершаў пра родны край, заслужаным міратворцам Аляксандрам Цярэшчанкам, – расказвае Сяргей Міхайлавіч.
Асаблівая ўвага надаецца рабоце з моладдзю і дзецьмі. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі ўстановамі адукацыі. Для юных чытачоў тут сабрана багатая калекцыя дзіцячай літаратуры.
– Мы стараемся, каб кожны знайшоў у нас кнігу па душы, – кажа Таццяна Астапенка, бібліятэкар аддзела дзіцячага абанемента.
Сама яна родам з Камарына і працуе ў бібліятэцы амаль пяць гадоў. Раз на тыдзень наведвае Брагінскую СШ і гімназію, расказвае пра кнігі, навінкі і запланаваныя мерапрыемствы. Адукацыя Таццяны звязана з гісторыяй, таму яна шмат можа расказаць пра нашу краіну, умее зацікавіць дзяцей. У бібліятэцы хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі знаёмяцца з дзіцячай літаратурай, але і малююць, удзельнічаюць у гульнях.
Кніжны фонд пастаянна папаўняецца. Супрацоўнікі рэгулярна праводзяць сустрэчы з насельніцтвам, каб расказаць пра кніжныя навінкі. Калі ж патрэбнай кнігі не аказваецца на паліцах, заказваюць яе ў абласных ці рэспубліканскіх установах. А мультымедыйныя ўстаноўкі дапамагаюць прыцягваць моладзь і разнастайваць сустрэчы.
– Патрэбна ісці ў нагу з часам, – адзначаюць у бібліятэцы.
Паказчык наведвальнасці бібліятэкі расце. За 8 месяцаў гэтага года тут пабывала больш за 9 тысяч чалавек, што на 11% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
– Гэта сведчыць, што цікавасць да чытання не згасае, – лічыць Сяргей Пархамец.
Работнікі бібліятэкі дастаўляюць кнігі на дом, ва ўстановы аховы здароўя. Бібліёбус рэгулярна курсіруе па аддаленых вёсках, прывозячы літаратурныя выданні па заяўках. Кожны прыезд суправаджаецца канцэртам.
Больш за 10 гадоў у бібліятэцы працуе Святлана Калячкова. Сюды яна прыйшла пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа. Святлана Аляксандраўна адзначае, што ў прафесіі ёй падабаюцца сустрэчы з людзьмі, якія цікавяцца літаратурай, гісторыяй свайго краю.
– Першая грамадская бібліятэка ў раёне была створана ў 1920 годзе. Былі ў гісторыі такіх устаноў культуры і трагічныя старонкі – разбурэнні падчас вайны і іх ліквідацыя ў выселеных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёсках. Сёння бібліятэкі працягваюць несці святло ведаў людзям. Гэта сучасныя культурныя цэнтры, якія паспяхова развіваюцца і радуюць сваіх чытачоў, – падкрэслівае Святлана Калячкова.
Сёння ва ўсіх бібліятэках Брагіншчыны пройдуць тэматычныя мерапрыемствы і выставы. У тым ліку ў раённай – з удзелам спікераў.
Анжаліка РАМАНЮК
Фота аўтара
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.