Зразы – мясныя рулецікі з начынкай – адна з асаблівых страў нацыянальнай кухні, вядомая з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Першыя пісьмовыя згадванні пра зразы з’явіліся ў гады праўлення вялікага князя і караля Ягайлы (ХV стагоддзе).
Гэту смачную страву падавалі і да стала караля Жыгімонта ІI, жанатага з міланскай прынцэсай Бонай Сфорца, якая магла асабліва ацаніць зразы, падобныя на італьянскія cotoletta alla milanese.
Пазней зразы, якія гатавалі повары магнатаў, распаўсюдзіліся ў народнай кухні. У розных мясцовасцях Беларусі мясныя рулецікі з начынкай называюць таксама завіванцы, кручэнікі.
Класічныя зразы гатуюць з ялавічыны: мяса адбіваецца, а потым у яго загортваецца начынка. Для яе прыгатавання могуць выкарыстоўвацца грыбы, печань, агародніна, яйкі, кашы.
Для рэцэпта спатрэбіцца:
- ялавічына;
- грыбы белыя;
- яйка адварное;
- грудзінка вэнджаная;
- цыбуля рэпчатая;
- сухары молатыя;
- алей;
- соль;
- чорны перац, лаўровы ліст, духмяны перац;
- мука пшанічная;
- морква.
Гатаванне:
Цыбулю, грудзінку і адварныя белыя грыбы парэзаць дробнымі кубікамі і абсмажыць на частцы алею да залацістага колеру. Дабавіць сухары і патушыць яшчэ 5 мінут. Перакласці грыбы з цыбуляй і грудзінкай у міску і крыху астудзіць, нацерці адварное яйка, пасаліць і паперчыць, добра перамяшаць. Начынка для зразаў гатова.
Ялавічыну (найлепш падыходзіць выразка, але можна выкарыстаць і шыначную частку) нарэзаць невялікімі медальёнамі і добра адбіць, прыдаючы мясу прамавугольную форму. Выкласці начынку на мяса, скруціць рулецікі, замацаваўшы зубачысткай або абвязаўшы поварскай ніткай. Запаніраваць зразы ў муцэ і абсмажыць да залацістай скарыначкі.
У сатэйнік з вадой дабавіць цыбулю, моркву, лаўровы ліст, духмяны перац, соль, давесці да кіпення і выкласці туды абсмажаныя рулецікі. Накрыць накрыўкай і тушыць на маленькім агні да гатоўнасці.
Падаваць зразы з грэцкай кашай і смажанай цыбуляй.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.