Свята, народжанае часам. Менавіта так можна сказаць пра Дзень народнага адзінства, які з’явіўся ў нашым календары нядаўна і быў прадыктаваны жыццём. Ён – з глыбокім гістарычным значэннем, важным сэнсам і магутным пасылам.
Не разарваць!
Упершыню на самым высокім узроўні ідэя заснавання гэтага дзяржаўнага свята прагучала на VI Усебеларускім народным сходзе ў лютым 2021 года. Ініцыятыва – невыпадковая. Разуменне яе своечасовасці адчувалася ў грамадстве, якое, выстаяўшы ў жніўні 2020-га, асэнсавала: сіла народа – у адзінстве. Значыць, павінен быць менавіта такі сімвал – згуртаванасці, патрыятызму. Сімвал, які б стаў пунктам адліку новага перыяду нашай гісторыі.
Адпаведны Указ кіраўнік дзяржавы падпісаў ужо ў чэрвені 2021 года. І гэта, як потым ён адзначыў, стала нашым адказам «на спробы Захаду раз’яднаць Беларусь жыўцом і разарваць на шматкі краіну».
Чаму датай Дня народнага адзінства выбрана менавіта 17 верасня, расказвае сама гісторыя. Ён прымеркаваны да лёсавызначальнай падзеі і сімвалізуе сілу духу беларусаў, іх нястомнае імкненне жыць у сваёй дзяржаве, на роднай зямлі.
Для разумення гэтага неабходна паглыбіцца ў далёкае мінулае. У перыяд, калі тэрыторыя нашай краіны была па-дзелена паміж дзвюма дзяржавамі ў выніку польска-савецкай вайны 1919–1920 гадоў. Усходняя частка – БССР – уваходзіла ў склад Савецкага Саюза. А заходнюю далучылі да Польшчы: частку зямель захапілі палякі ў час вайны, а частка адышла згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года без удзелу беларусаў. Чаму?
З правам, але без моцнай улады і згоды
Так, мы мелі гістарычнае права на свае землі і права на самавызначэнне нацыі. Ды не мелі сілы.
«Голас толькі што створанай Беларускай Савецкай Рэспублікі на гэтым фоне быў амаль чутны. Магчыма, і таму, што ўнутры яе не было адзінства. Затое былі тыя, хто думаў толькі пра асабістую выгаду і свае, а не народныя інтарэсы. Нацмены ўсіх масцей наперабой назначалі сябе «ўладамі». І кожны, хто рваўся кіраваць новай дзяржавай, прыкрываўся імем беларускага народа, а народ, бедны і галодны, малапісьменны і абуты ў лапці, змучаны вайной і разрухай, думаў аб тым, як выжыць, як выратавацца, – заявіў наш Прэзідэнт 17 верасня 2024 года на ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства. – Магчыма, калі б на світанні мінулага стагоддзя мы мелі моцную ўладу і згоду, то выстаялі б. І не было б тады трагедыі Рыжскага дагавора, па якім 4,5 мільёна сыноў і дачок Беларусі раптоўна сталі адзін аднаму чужымі на роднай зямлі».
Паводле даных 1931 года, у склад польскай дзяржавы ўвайшла тэрыторыя плошчай больш за 112 тыс. кв. км з насельніцтвам 4,6 млн чалавек. За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь, якую ўлады Польшчы не прызнавалі. У дакументах іх часцей называлі «крэсы ўсходнія». І ўжо ў кастрычніку 1921 года Віленская газета «Белорусские ведомости» пісала: «Отношение к белорусам со стороны многих начальников и определенной части общественности очень пренебрежительное. Нас считают то москалями, то большевиками, то вообще людьми второго сорта».
Калі ты – беларус
І сапраўды, для беларусаў уводзіліся абмежаваныя квоты пры заняцці пасад у дзяржаўным апараце, арміі і паліцыі. Мэтанакіравана праводзілася палітыка паланізацыі і асіміляцыі, удушэнне рускай і беларускай моў. Сталі знікаць нацыянальныя школы, газеты, установы культуры. Адукацыйныя працэсы вяліся на польскай мове. Як і справаводства. Не было рэлігійнай свабоды. Катаванні і зняволенне ў канцлагерах і турмах зведвалі тыя, хто не жадаў апалячвацца.
Ды і аб развіцці краю не вялося ніякай размовы. Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай ускраінай Польшчы. Яе ў асноўным выкарыстоўвалі як крыніцу сыравіны і таннай працоўнай сілы. Работа на вытворчасці – па 10–12 гадзін у дзень, а зарплата была больш нізкая, чым у спрадвечна польскіх рэгіёнах.
Іншымі словамі, усе гарантыі нацыянальна-культурнага жыцця ў складзе польскай дзяржавы засталіся толькі на паперы.
Зусім інакш – у БССР. Дастаткова прыгадаць, што ў в 1920-я гады былі створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 80 працэнтаў школ пераведзены на беларускую мову выкладання, рэзка вырас працэнт беларусаў сярод кіраўніцтва рэспублікі ўсіх узроўняў. Згодна з Канстытуцыяй 1927 года афіцыйнымі мовамі БССР з’яўляліся беларуская, руская, польская і яўрэйская.
Ад гневу да дзеянняў
Не дзіўна, што такі падзел роднай зямлі быў балюча ўспрыняты беларускім грамадствам. У ім панавалі расчараванне і разгубленасць, нежаданне прымірыцца з тым, што адбылося. Гэты боль і гнеў, непрытворны крык душы прагучаў у радках Якуба Коласа:
Нас падзялiлi – хто? Чужанiцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту iх межы! К д’яблу гранiцы!
Нашы тут гонi, бары!
Варта таксама прыгадаць і пра рух масавага народнага супраціўлення, які ўспыхнуў на беларускіх землях яшчэ ў 1918 годзе – як адказная рэакцыя на жорсткасць і самавольства першай нямецкай акупацыі. Аднак і пасля выгнання кайзераўскіх войскаў доўгачаканы мір, на жаль, не наступіў. Эпіцэнтр актыўных дзеянняў народных мсціўцаў, не склаўшых зброю, перамясціўся на заходнебеларускія тэрыторыі, якія былі ўключаны ў склад зноў утворанай польскай дзяржавы.
Беларускія гісторыкі Уладзімір Ладысеў і Іосіф Хаўратовіч пісалі: «Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў Заходняй Беларусі ўзброеная партызанская барацьба актывізавалася і набыла шырокі размах… Масавай базай партызанскага руху з’яўляліся сяляне, рамеснікі, вясковая інтэлігенцыя, частка моладзі, якая не хацела служыць у польскай арміі».
Паводле няпоўных даных, з 1921-га па 1925 год у Заходняй Беларусі партызаны правялі больш за 800 адкрытых баёў, здзейснілі сотні дыверсій і іншых адчувальных для новай адміністрацыі акцый. Гэта, у прыватнасці, розныя віды нападаў на ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны і аб’екты, валасныя ўпраўленні, пашкоджанні сродкаў сувязі і інш.
Тысячы беларусаў, сотні ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху, паэты, пісьменнікі падвяргаліся рэпрэсіям, былі арыштаваны і адпраўлены ў польскія турмы і канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Дзясяткі з іх загінулі. Успаміны былых зняволеных лагера з вычарпальнай паўнатой раскрываюць рэжым катаржнай працы, голаду, антысанітарыі, варварскіх пакаранняў і нялюдскіх здзекаў, з дапамогай якіх там спрабавалі зламаць вязняў маральна і фізічна, ператварыць іх у пакорлівых рабоў.
Пад націскам гістарычнай справядлівасці
У канцы 30-х сітуацыя ў Еўропе сур’ёзна абвастрылася. 1 верасня 1939 года нацысцкая Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна.
Урад і камандаванне польскай дзяржавы не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну. А кіраўніцтва СССР заявіла, што «не можа абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі». 17 верасня пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь.
Ведаючы, як яна апынулася ў складзе Польшчы, можна зразумець, чаму савецкія войскі пры руху па Заходняй Беларусі амаль не сустрэлі супраціўлення. Асноўная частка насельніцтва сустракала іх з радасцю і аказвала дзейсную дапамогу.
У канцы кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі, на якім дэлегаты звярнуліся з просьбай да Вярхоўных Саветаў БССР і СССР прыняць яе ў склад Савецкага Саюза з аб’яднаннем з БССР. І гэтая просьба была задаволена.
Такім чынам, панскія аковы палі пад націскам гістарычнай справядлівасці. Вызваленчы паход Чырвонай арміі дазволіў уз’яднацца і сем’ям, і насільна адарваным тэрыторыям.
Гісторыя сведчыць, што ў беларусаў не раз імкнуліся адняць веру, мову, традыцыі, ідэнтычнасць. На вачах ва ўсяго свету, пры яго маўклівай згодзе. Але нашы продкі заўсёды трымаліся за свае карані, сваю зямлю. Загартаваныя ў нацыянальна-вызваленчым руху, яны пераадолелі фашысцкую навалу ў гады Вялікай Айчыннай, пасляваенную разруху, хаос 1990-х і пабудавалі суверэнную дзяржаву.
Сучасная Беларусь – не проста абрыс на карце, а месца, дзе жыве незалежны, працалюбівы, мірны народ. І мы не разбурваем, а захоўваем, ствараем, памнажаем.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.