Навучальны год толькі пачаў адлічваць свае дні, а выхаванцы ДЮСШ Брагінскага раёна ўжо паспелі прадэманстраваць свае сілы на абласным адборачным турніры па вольнай барацьбе «Ліга адважных». І вынік парадаваў.
Гомель у мінулыя выхадныя стаў эпіцэнтрам напружаных паядынкаў, дзе больш за 100 спартсменаў з розных куткоў вобласці змагаліся за права называцца лепшымі. Сярод тых, хто годна праявіў сябе, – прадстаўнікі нашага раёна.
Так, залаты медаль Брагіншчыне прынесла Марыя Кулай. Вікторыя Нікіценка таксама паднялася на п’едэстал, заняўшы другое месца. Яніна Маліноўская завяршыла медальную калекцыю нашай каманды, заваяваўшы бронзу.
Варта адзначыць, што навучальны год для Вікторыі Нікіценкі і Яніны Маліноўскай пачаўся ў Гомельскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Гэты крок адкрывае перад дзяўчатамі новыя, больш шырокія перспектывы для развіцця іх спартыўнай кар’еры.
Трэнер-выкладчык па вольнай барацьбе ДЮСШ Брагінскага раёна Рустам Малінец не хавае свайго гонару за падапечных:
– Я рады іх вынікам. Дзяўчаты праявілі сябе найлепшым чынам. Гэта выдатны старт новага навучальнага года, у якім, я ўпэўнены, будуць новыя перамогі.
Расказваючы пра выступленне юнацкай каманды, Рустам Мікалаевіч адзначыў:
– Хлопцам на гэты раз крыху не хапіла да п’едэстала. Але мы прааналізуем памылкі, правядзём работу над імі і працягнем упарта трэніравацца. Упэўнены: наступныя турніры прынясуць нам новыя яркія перамогі.
Анжаліка РАМАНЮК
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.