Ад бегавой дарожкі да прафесіі настаўніка: як Дзяніс Даўжанок фарміруе спартыўную будучыню ў вясковай школе

Галоўнае Грамадства Спорт

Для Дзяніса Даўжанка спорт – не проста прафесія, а асэнсаваны жыццёвы выбар і крыніца энергіі. Пяты год ён працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Буркоўскай сярэдняй школе. І яго гісторыя не толькі пра школьныя ўрокі, але і пра асабістыя перамогі, грамадскую дзейнасць, смелы погляд у будучыню.

– Спорт стаў неад’емнай часткай майго жыцця яшчэ падчас вучобы ў гімназіі г.п. Брагіна, – адзначае Дзяніс.

Актыўны ўдзел у спаборніцтвах усіх узроўняў – ад школьных стартаў да абласных турніраў – хутка выявіў асаблівы талент: бег. У яго скарбонцы – шмат раённых і некалькі значных абласных узнагарод. Аднак галоўным сваім дасягненнем лічыць другое месца ў міжнародным лёгкаатлетычным прабегу «Брагінская дзясятка». Гэта дадало рашучасці і ўмацавала веру ў свае сілы, узмацніла жаданне рухацца далей.

Спартыўны азарт, дух спаборніцтваў, камандная праца прыцягвалі юнака. Усвядоміўшы, што спорт для яго не проста хобі, Дзяніс паступіў у Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. А пасля яго заканчэнне прыступіў да працы ў Буркоўскай школе. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце фізічнай культуры.

Паралельна хлопец актыўна ўдзельнічаў у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, міні-футболе, валейболе, набываў неацэнны практычны вопыт. Гэта дапамагала і ў працы.

– Сярод маіх вучняў ёсць прызёры раённай спартакіяды, якія заваявалі асабістыя ўзнагароды і ўвайшлі ў зборную вобласці. Ганаруся кожным з іх, – падкрэслівае педагог.

Дзяніс Даўжанок перакананы, што місія настаўніка не зводзіцца да стандартных нарматываў. Ён лічыць сваёй задачай  натхняць вучняў і прывіваць ім любоў да здаровага ладу жыцця, актыўна выступае за інтэграцыю сучасных тэхналогій у навучальны працэс:

– Сёння мы можам паказаць дзецям футбольны матч на вялікім экране, прааналізаваць гульню лепшых каманд, адпрацаваць тактыку, а затым стварыць праекцыю спаборніцтваў прама ў спартыўнай зале. Так спорт становіцца бліжэй, – тлумачыць сваю методыку Дзяніс.

Летась яго біяграфія ўзбагацілася новай значнай падзеяй – ён стаў старшынёй маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў.

– Гэта не проста праца, а магчымасць рабіць Брагіншчыну лепшай. Нашы праекты нацэлены на будучыню, на выхаванне актыўных, моцных і адказных маладых людзей, – дзеліцца зямляк.

Менавіта жаданне развівацца, прыносіць карысць роднаму краю падштурхнула Дзяніса да ўдзелу ў праграме «Настаўнік для Беларусі», выпускніком якой ён сёлета стаў. Праграма заклікана знаходзіць і падтрымліваць будучых лідараў у сферы адукацыі, развіваць патэнцыял выпускнікоў педагагічных універсітэтаў і настаўнікаў. На працягу двух гадоў удзельнікі прысвячаюць сябе працы ў звычайных рэгіянальных або вясковых школах – менавіта там, дзе іх веды і энтузіязм патрэбныя больш за ўсё. Галоўная мэта – забяспечыць роўныя адукацыйныя магчымасці для дзяцей, незалежна ад месца іх пражывання.

– Удзел у праграме дазволіў мне не толькі паглыбіць прафесійныя веды і ўдаскана-ліць педагагічныя навыкі, але і ўмацаваў імкненне ўносіць уклад у развіццё вясковых школ, – адзначае педагог.

Актыўная дзейнасць, накіра-ваная на развіццё вучняў і ўдзел у грамадскім жыцці раёна, патрабуе яшчэ і асабістай аддачы. Дзяніс Даўжанок, нягледзячы на шчыльны працоўны графік, не пакідае трэніровак. Ён працягвае займацца спортам для сябе, рэгулярна ўдзельнічае ў раённых спаборніцтвах. Для яго гэта спосаб падтрымліваць энергію, натхненне і, што самае важнае, быць прыкладам для сваіх вучняў.

– Спартыўнае жыццё на Брагіншчыне актыўна развіваецца: з’яўляюцца новыя пляцоўкі, трэнажоры, секцыі. Нашы спартсмены актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах і з кожным годам становяцца ўсё больш моцнымі і згуртаванымі, – заўважае настаўнік.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.