
У Брагіне, дзе спакойны рытм жыцця гарманічна спалучаецца з новымі ідэямі і надзеямі, працуе Аляксандра Бобрык – малады педагог, чыя скрыпка не проста гучыць, а вядзе за сабой вучняў.
Аляксандра родам з Калінкавічаў. Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага музычнага каледжа стаяла перад выбарам шляху – куды ісці працаваць. Падчас вучобы яна пазнаёмілася з маладым чалавекам родам з Брагіншчыны, які пазней стаў яе мужам. Пачаўшы новую главу свайго жыцця, дзяўчына звярнулася ў Брагінскую дзіцячую школу мастацтваў з просьбай накіраваць яе менавіта сюды. Адміністрацыя, адчуўшы яе энтузіязм і жаданне тварыць, адгукнулася, і Аляксандра пачала сваю педагагічную дзейнасць у Брагіне.
– Мне падабаецца тут, – дзеліцца дзяўчына. – Тут спакойны штодзённы рытм, які дазваляе засяродзіцца на галоўным, на музыцы. І ёсць усё неабходнае для камфортнага жыцця.
У прафесійным развіцці педагог не стаіць на месцы. Пасля заканчэння каледжа яна працягнула навучанне: паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, дзе выбрала спецыяльнасць «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія». Гэта дазволіла ёй не толькі паглыбіць свае музычныя веды, але і пашырыць арсенал педагагічных прыёмаў.
Скрыпічны клас Аляксандры Бобрык імкліва набірае папулярнасць. З кожным годам колькасць яе вучняў расце, зараз іх 7. Натхнёныя яе любоўю да музыкі, дзеці самі праяўляюць ініцыятыву: даведваюцца ад сяброў і знаёмых, прыходзяць на пробныя заняткі, і, у выніку, запісваюцца ў клас. Гэтая жывая цікавасць – лепшае пацверджанне таго, што Аляксандра знайшла сваё прызначэнне.
– Мне вельмі падабаецца працаваць у дзіцячай школе мастацтваў, – прызнаецца педагог. – Работа з вучнямі – гэта невычэрпная крыніца натхнення. Вучыць іх музыцы, бачыць іх зацікаўленасць, калі яны асвойваюць новую мелодыю, – гэта шчасце.
Талент Аляксандры і яе самаадданасць прыносяць свае плады. Яе вучні не толькі асвойваюць тонкасці ігры на скрыпцы, але і дасягаюць значных поспехаў на розных творчых арэнах. Скарбонка ўзнагарод папаўняецца дыпломамі лаўрэатаў і пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў. Сярод апошніх дасягненняў – Дыплом лаўрэата I ступені міжнароднага шматжанравага конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці «Зорны шлях» і дыплом III ступені ў міжнародным творчым конкурсе «Млечны шлях».
Але поспехі не абмяжоў-ваюцца індывідуальнымі высту-пленнямі. Выхаванцы Аляксандры таксама з задавальненнем удзельнічаюць у ансамблях. Гэта не толькі развівае іх музычныя навыкі, але і вучыць працаваць у камандзе, адчуваць адзін аднаго і ствараць гарманічныя музычныя кампазіцыі.
Аляксандра Бобрык – гэта настаўнік, які сваім прыкладам паказвае не толькі тое, як важна ісці за сваёй марай, але і як музыка здольна аб’ядноўваць людзей, узбагачаць іх жыццё яркімі фарбамі і незабыўнымі мелодыямі. Яе скрыпка гучыць у Брагіне не толькі выдатнай музыкай, але і верай у тое, што талент, адданасць і любоў здольны ўзбагачаць наша жыццё.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.