Сакрэты нацыянальнай кухні: раскрываем асаблівасці рэцэпту ранішніх бліноў

Беларуская кухня Грамадства

Бліны – адна з самых папулярных у свеце страў з мукі, але ў кожнай нацыянальнай кухні ёсць свае традыцыі і тонкасці гатавання. У Беларусі бліны (блінцы, мліны) пякуць паўсюдна, у будні і святы. І, бадай, галоўная асаблівасць беларускіх бліноў – выкарыстанне ў рэцэптах розных відаў мукі.

Як гатуюць?

Жытнія, пшанічныя, ячныя, грэцкія, аўсяныя або гарохавыя – беларускія бліны радуюць мноствам смакаў: як паасобку, так і ў спалучэннях.

Па традыцыі бліны гатуюць на малацэ або сыраквашы (кефіры), малочнай сыроватцы (кіслыя бліны). Цеста замешваюць на дражджавой рошчыне або з дабаўленнем соды, а ў салодкія бліны кладуць яйкі і цукар.

Калісьці бліны выпякалі ў печы на скаварадзе, змазанай свіным тлушчам (бел. здор) або кавалачкам сала, сёння – часцей за ўсё на алеі.

З чым ядуць?

Падаюць беларускія бліны са знакамітымі соусамі – мачанкай, верашчакай, а таксама з падсмажанымі скварачкамі і каўбасамі, тушанымі грыбамі, смятанай і тварагом, растопленым мёдам, цёртымі ягадамі, тоўчаным з цукрам макам.

Акрамя тоўстых бліноў вельмі любяць тонкія – наліснікі: іх, з начынкай з тварагу або мяса, запякаюць у гліняных гаршчочках да румянай скарыначкі.

У Беларусі папулярныя і маленькія тоўстыя аладкі, якія таксама гатуюць з аднаго або адразу некалькіх відаў мукі.

«Блінныя» традыцыі

Бліны ў беларусаў – не толькі адна з самых любімых штодзённых страў, але і старажытны сімвал народных свят і абрадаў.

У розных рэгіёнах краіны з блінамі звязаны асаблівыя сакральныя традыцыі. Бліны абавязкова гатавалі для рытуалу памінання памерлых, іх жа ў асаблівыя дні ставілі на стол, частуючы духаў продкаў.

Вясной, першы раз выганяючы жывёлу на пашу, сяляне абавязкова давалі пастуху блін, каб не выводзілася жывёла. Лічылася, што гэтыя бліны таксама прызначаюцца «дзядам».

З дапамогай бліноў дзяўчаты варажылі на Каляды. А сустрэўшы свайго нарачонага, на другі дзень вяселля маладая жонка абавязкова павінна была напячы бліноў і накарміць імі гасцей.

У Шчодры вечар 13 студзеня (Стары Новы год) гаспадар на парозе дома зваў Мароза з бліном у руках. Потым на святочны стол ставілі стос з 12 бліноў – па колькасці месяцаў, разразалі крыж-накрыж на чатыры часткі, і ўсе члены сям’і бралі па кавалачку. Так нібыта па спіралі «год» знікаў з талеркі.

І вядома, без бліноў немагчыма ўявіць Масленіцу – старажытнае славянскае свята праводзін зімы і сустрэчы вясны. Румяныя бліны здаўна сімвалізуюць Сонца, таму іх выпякаюць, каб задобрыць бога вясны, цяпла і ўрадлівасці Ярылу.

Сёння цудоўная традыцыя не знікае, і ў дні Масленіцы ў кожным доме і на вясёлых вулічных гуляннях абавязкова пякуць бліны. У 2013 годзе ў Беларусі нават устанавілі своеасаблівы блінны рэкорд.

Рэцэпт бліноў

У беларускай кухні захавалася шмат рэцэптаў бліноў, кожны з якіх, нягледзячы на прастату інгрэдыентаў, вызначаецца непаўторным смакам. Разнастайнасць мукі, асаблівыя тонкасці гатавання і, вядома, традыцыйныя дабаўкі – вось сакрэт бліноў па-беларуску. Паспрабуйце!

Бліны ранішнія

Для рэцэпта спатрэбіцца:

  • 4 шклянкі мукі;
  • 1,5 шклянкі малака;
  • 1 сталовая лыжка цукру;
  • 30 г дражджэй;
  • 2 яйкі;
  • 2 сталовыя лыжкі алею;
  • вада.

Гатаванне:

Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дабавіць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай спарыць малако і адразу ж уліць у цеста, дабавіць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны.

Выпякаць на добра разагрэтай і змазанай скаварадзе. Падаваць з растопленым сметанковым маслам, смятанай або тварагом.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.