
Эрудыт, інтэлігент, рамантык і глыбокі знаўца беларускай гісторыі, ён пакінуў пасля сябе неацэнную спадчыну, што натхняе і сёння.
Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Яго бацька атрымаў адукацыю ў гарадскім вучылішчы. Служыў пісарам у царскай арміі, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у фінансавых органах. Маці, Надзея Васілеўна, – з роду Грынкевічаў, сярод якіх былі святары, чыноўнікі і настаўнікі. Пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве яна некаторы час працавала настаўніцай, а затым прысвяціла сябе сям’і, у якой выхоўвалася трое дзяцей: Валерый, Наталля і Уладзімір.
Караткевічы вылучаліся высокім узроўнем інтэлігентнасці, што аказала значны ўплыў на фарміраванне асобы будучага пісьменніка. Асаблівае месца ў жыцці Уладзіміра займаў дзед па лініі маці – Васіль Юллянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым жыццёвым вопытам і дасціпны апавядальнік. Менавіта ад яго пісьменнік пачуў шмат казак і народных паданняў, а таксама пераняў любоў да роднай прыроды. У доме бацькоў была вялікая бібліятэка. Уладзімір яшчэ ў маленстве навучыўся чытаць і стаў актыўным наведвальнікам бібліятэкі. Паводле ўспамінаў родных, ужо ў шасцігадовым узросце ён пісаў вершы. У юныя гады таленты Караткевіча праявіліся ў маляванні і музыцы.
Вайна стала цяжкім выпрабаваннем для сям’і. Уладзімір быў эвакуіраваны ў Разанскую, а затым у Пермскую вобласць. У кастрычніку 1941 года на фронце загінуў яго старэйшы брат Валерый. Пасля вызвалення Кіева Караткевіч разам з маці некаторы час жыў у гэтым горадзе, дзе зацікавіўся гісторыяй.
Восенню 1944 года сям’я вярнулася ў Оршу. Менавіта родны горад і дом сваякоў у Рагачове сталі для Уладзіміра Сямёнавіча месцамі творчага натхнення, дзе былі задуманы і напісаны многія яго знакамітыя творы.
Караткевіч скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. У студэнцкія гады ён пачаў актыўна працаваць над сваімі літаратурнымі творамі. У 1955 годзе ў часопісе «Полымя» быў апублікаваны яго верш «Машэка», які стаў пачаткам прафесійнай літаратурнай кар’еры.
Восенню 1955 года ўдзел Уладзіміра Сямёнавіча ў рэспубліканскай нарадзе маладых літаратараў у Мінску стаў знакавым – яго вершы атрымалі высокую ацэнку, што адкрыла яму шлях у вялікую літаратуру. Пачалося яго плённае сяброўства і перапіска з Максімам Танкам, галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», які стаў для маладога талента мудрым настаўнікам. Сам жа Караткевіч з уласцівай яму іроніяй называў сябе «здольным маладым чалавекам з правінцыі» і падкрэсліваў важнасць пастаяннага самаўдасканалення.
У 1956 годзе пісьменнік вярнуўся на малую радзіму, дзе працаваў настаўнікам да 1958 года. У гэты перыяд ён не толькі выкладаў, але і актыўна займаўся творчасцю: напісаў легенду «Маці Ветру», п’есу «Млын на Сініх Вірах», закончыў аповесць «У снягах драмае вясна». Адначасова ён спрабаваў рэалізаваць сябе і ў навуцы, пачаўшы працу над кандыдацкай дысертацыяй, прысвечанай паўстанню 1863–1864 гадоў, аднак завяршыць яе не паспеў. Ужо ў тыя гады літаратар выразна ўсведамляў важнасць стварэння вобраза нацыянальнага героя ў беларускай літаратуры.
Прызнаннем стала прыняцце Уладзіміра Караткевіча ў Саюз пісьменнікаў БССР у красавіку 1957 года. Аднак разам прыйшла і крытыка. Нягледзячы на гэта, майстар слова заставаўся верным сабе і сваім творчым перакананням.
У 1958 годзе выйшаў першы зборнік вершаў пісьменніка «Матчына душа». У гэты ж час ён дапрацаваў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» і напісаў п’есу «Трошкі далей ад Месяца».
Для паглыблення ведаў і адпаведнасці духу часу Уладзімір Сямёнавіч вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных і сцэнарных курсах. У гэты перыяд былі выдадзены яго другі паэтычны зборнік «Вячэрнія ветразі» і зборнік прозы «Блакіт і золата дня». У 1962 годзе ў часопісе «Полымя» апублікавалі яго першы раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»). Менавіта ў гэты час Караткевіч захапіўся кінематографам і актыўна працаваў над сцэнарыямі.
1960-я гады сталі росквітам таленту літаратара, а яго творы занялі пачэснае месца ў беларускай літаратуры.
Уладзімір Караткевіч любіў падарожнічаць і даследаваць родны край. «Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе», – прызнаваўся ён. І гэта не было перабольшаннем. Ён аб’ездзіў Беларусь уздоўж і ўпоперак, пабываў у многіх кутках Польшчы і Чэхаславакіі.
У кожнай паездцы быў уважлівым назіральнікам, збіраў вобразы і ўражанні, каб потым узнавіць іх у сваіх творах. Уладзімір Караткевіч лічыў, што «жыццё прыдумаць нельга, яго можна толькі ўзнавіць», і гэтага прынцыпу прытрымліваўся ва ўсіх сваіх працах – ад гістарычных раманаў да краязнаўчых нарысаў.
1970-я гады вызначыліся новымі творчымі дасягненнямі пісьменніка. У 1971 годзе ён стварыў нарыс «Зямля пад белымі крыламі», які стаў своеасаблівым гімнам Беларусі, яе прыродзе, гісторыі і культуры. З лёгкай рукі гэты вобраз трывала замацаваўся ў свядомасці як сімвалічная назва нашай краіны.
Уладзімір Сямёнавіч актыўна працаваў і ў драматургіі. Ён напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Чырвоны агат», гістарычную п’есу «Званы Віцебска», сацыяльна-гістарычную драму «Калыска чатырох чараўніц» і трагедыю «Маці ўрагану». Не забываў пісьменнік і пра юных чытачоў, выдаўшы ў 1975 годзе зборнік казак.
Вяршыняй творчасці стаў раман «Чорны замак Альшанскі», дзе дэтэктыўны сюжэт цесна пераплятаецца з сацыяльна-псіхалагічнымі і гістарычнымі аспектамі.
На працягу ўсёй сваёй літаратурнай дзейнасці Уладзімір Караткевіч звяртаўся да дакументальнай публіцыстыкі. Яго нарысы, эсэ і артыкулы прысвечаны выдатным асобам беларускай і сусветнай культуры, гісторыі гарадоў і рэгіёнаў Беларусі і іншых краін. Ён быў чалавекам энцыклапедычных ведаў, выдатна спяваў, ведаў шмат народных твораў, а таксама меў талент да малявання.
Заслугі Уладзіміра Караткевіча былі прызнаны на дзяржаўным ўзроўні. У 1980 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, а ў 1983 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа за раман «Нельга забыць».
Нягледзячы на прызнанне, асабістае жыццё пісьменніка было азмрочана цяжкімі стратамі. У 1977 годзе памерла яго маці, а ў 1983 годзе – жонка Валянціна Браніславаўна. Здароўе пісьменніка было падарванае, і ён памёр на 54-м годзе жыцця.
З цягам часу цікавасць да асобы і творчасці Уладзіміра Караткевіча не згасае. Ён па-ранейшаму застаецца адным з самых любімых і чытаемых беларускіх аўтараў. Сведчаннем усенароднай любові і прызнання сталі шматлікія праекты і ініцыятывы, накіраваныя на ўшанаванне памяці пісьменніка і папулярызацыю яго творчасці.
Ужо пасля смерці пісьменніка раман «Чорны замак Альшанскі» быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа. Убачыў свет яго зборнік «Быў. Ёсць. Буду», а таксама збор твораў у васьмі тамах. Яго творы перакладзены больш чым на дваццаць моў свету.
П’есы Уладзіміра Сямёнавіча з поспехам ідуць на сцэнах беларускіх тэатраў. Напісаныя па яго лібрэта опера «Сівая легенда» і опера «Дзікае паляванне караля Стаха» карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Паводле яго твораў зняты мастацкія фільмы і створаны радыёпастаноўкі.
Пра літаратара зняты дакументальны фільм «Быў. Ёсць. Буду», а таксама іншыя відэафільмы. Выдадзены шэраг манаграфій, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменніка.
У Оршы дзейнічае музей Уладзіміра Караткевіча. Экспазіцыі, прысвечаныя пісьменніку, можна ўбачыць у Рагачоўскім музеі народнай славы і Віцебскім краязнаўчым музеі. Помнікі пісьменніку ўзвышаюцца ў Оршы, Віцебску і на Усходніх могілках у Мінску. Мемарыяльныя дошкі нагадваюць пра яго на дамах у Оршы і Мінску. Вуліцы ў шэрагу беларускіх гарадоў носяць яго імя.
Уладзімір Караткевіч – класік беларускай літаратуры, чые творы застаюцца актуальнымі і любімымі чытачамі розных пакаленняў. Ён адна з найбольш знакавых постацей у беларускай літаратуры XX стагоддзя. Яго талент, эрудыцыя сталі падмуркам яго ўнікальнай творчасці. Даследчыкі адзначаюць, што літаратар узнаўляў гераічнае мінулае народа, выхоўваў любоў да нацыянальных традыцый і ўзбагачаў літаратурную мову. Ён лічыў, што «мова – душа народа».
Уладзімір Сямёнавіч паказаў усяму свету, што беларускі народ, нягледзячы на выпрабаванні, захаваў сваю душу, розум і нацыянальны характар.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.
