Ад арыгамі да электронікі: як педагог дашкольнай адукацыі ЦТДіМ Уладзімір Савянок раскрывае таленты дзяцей праз творчасць і тэхналогіі

Галоўнае Грамадства

Брагінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – месца, дзе можна не толькі з карысцю правесці вольны час, але і раскрыць свае здольнасці пад кіраўніцтвам педагогаў. Сярод іх – Уладзімір Савянок, педагог дадатковай адукацыі, чыя праца сёлета адзначана Ганаровай граматай аддзела адукацыі райвыканкама.

Уладзімір Уладзіміравіч родам са Сцежарнага. Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна вярнуўся на малую радзіму.

– Каб быць бліжэй да дома, я ўзяў мэтавае накіраванне, і ўжо трэці год выкладаю тут, у цэнтры, – расказвае педагог.

Ён вядзе чатыры займальныя гурткі, кожны з якіх адкрывае для дзяцей новыя гарызонты. Так, у «Горадзе майстроў» можна знайсці сябе ў арыгамі, саломапляценні, працы з бісерам ці нават у тэхніцы пап’е-машэ. Тут пануе атмасфера неабмежаванай творчасці.

Для самых маленькіх працуюць два гурткі па выяўленчым мастацтве – «Чароўныя фарбы» і «Юны мастак». Хлопчыкі і дзяўчынкі спазнаюць асновы малюнка, вучацца ляпіць, каб лепш разумець аб’ём і форму, а таксама асвойваюць тэхніку аплікацыі.

Тэхнічны гурток «Электроніка для пачаткоўцаў» таксама адкрывае захапляльны свет: дзеці працуюць з канструктарамі, рознымі схемамі, разбіраюцца ў бытавых прыборах.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Уладзіміравіча выхаванцы актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню – ад раённых да рэспубліканскіх. Адзін з яго вучняў – Дзмітрый Чарапанаў – атрымаў дыплом III ступені на абласным этапе конкурсу «ТэхнаЁлка» ў намінацыі «Навагодні сувенір».

Узнагароды – адзін з відаў матывацыі дзяцей, – лічыць педагог.

Ён знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, імкнецца зацікавіць  творчым працэсам. Галоўнае – не проста навучыць маляваць або збіраць электронныя схемы, а закласці разуменне прынцыпаў працы, навучыць адрозніваць бяспечнае ад небяспечнага, адкрыць свет будучых прафесій.

– Такія гурткі дапамагаюць дзецям знайсці сваё прызванне і зрабіць першыя крокі да паспяховай будучыні, – упэўнены Уладзімір Савянок.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.