Брагіншчына таленавітая: як жыццё Гаўрыіла Вашчанкі стала асновай для аповесці Віктара Карамазава «Брама»

Грамадства Літаратурная гасцёўня

Не кожны рэгіён можа пахваліцца тым, што яго ўраджэнец стаў не толькі гонарам нацыі, выдатным мастаком, але і галоўным героем літаратурнага твора. Брагіншчына – можа, бо менавіта тут нарадзіўся Гаўрыіл Харытонавіч Вашчанка, чые манументальныя творы і станковыя работы сталі бясцэнным скарбам нацыянальнай культуры. А яго жыццёвы шлях натхніў пісьменніка Віктара Карамазава на стварэнне аповесці «Брама».

Гаўрыіл Вашчанка – сімвал непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, таленту, які прабіўся з самых глыбінь Палесся да сусветнага прызнання. Народны мастак БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі нарадзіўся ў Чыкалавічах (пасля аварыі на ЧАЭС вёска адселеная). Пасля заканчэння Львоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва ён вярнуўся на Радзіму і прысвяціў сваё жыццё мастацтву, праз пэндзаль і фарбы адлюстроўваў веліч беларускай гісторыі, прыгажосць роднай прыроды і мужнасць свайго народа.

У цэнтры аповесці Віктара Карамазава не проста біяграфія мастака, а спроба пранікнуць ва ўнутраны свет творцы, зразумець, што рухала яго натхненнем, сілкавала талент. Пісьменнік, каб стварыць літаратурны партрэт Гаўрыіла Вашчанкі, паглыбіўся ў яго думкі, мары і перажыванні, адлюстраваў яго адносіны з роднымі, сябрамі і калегамі.

Для поўнага і шматграннага ўяўлення пра эпоху, у якой жыў і тварыў наш зямляк, Карамазаў шырока выкарыстоўваў прэцэдэнтныя імёны знакавых постацей беларускай гісторыі і культуры. Яны – як нітачкі, што звязваюць героя з нацыянальнай спадчынай, ствараюць глыбокі гістарычны і культурны кантэкст.

Чытаючы «Браму», мы нібыта трапляем у асяроддзе беларускай інтэлігенцыі, дзе гучаць імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кастуся Астрожскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Кожнае з гэтых імёнаў з’яўляецца сімвалам пэўнага этапу ў развіцці беларускага мастацтва, навукі і культуры, сведчыць пра багаты і шматвяковы духоўны здабытак нашай краіны.

Віктар Карамазаў узнаўляе атмасферу тых часоў, далучае чытача да інтэлектуальных і творчых пошукаў Гаўрыіла Вашчанкі, дазваляе яму адчуць пульс эпохі. Мы бачым, як мастак чэрпае натхненне ў творчасці сваіх папярэднікаў, як ён імкнецца працягнуць іх справу, адстойвае нацыянальную ідэю ў сваіх творах.

Гаўрыіл Вашчанка – мастак, чыя творчасць прасякнута любоўю да роднай зямлі, гістарычнай памяццю і клопатам пра будучыню беларускага народа. Яго палотны захапляюць сваёй шчырасцю, праўдзівасцю і глыбокім філасофскім зместам. Яго манументальныя работы ўпрыгожваюць гарады і мястэчкі Беларусі, нагадваюць пра гераічнае і трагічнае мінулае нашай краіны.

Творы земляка знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, музеях Кішынёва, Алматы, Бішкека, Сафіі, а таксама ў персанальнай карціннай галерэі ў Гомелі. І, вядома ж, на радзіме мастака – у Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй.

Гісторыя жыцця Гаўрыіла Вашчынакі – гэта гісторыя пра тое, як талент, натхненне і адданасць Бацькаўшчыне могуць зрабіць чалавека гонарам нацыі. А Віктар Карамазаў у сваёй аповесці падарыў нам паглыбленае і тонкае адлюстраванне гэтага жыцця, захаваў яго для будучых пакаленняў.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.