Моладзь асвойвае блогінг. Раскажам, як прайшоў першы форум «PRO-Блог: удасканальвай навыкі» ў Гомелі

Грамадства

У мінулыя выхадныя Гомель стаў цэнтрам прыцягнення амбіцыйных маладых людзей, якія імкнуцца заваяваць digital-алімп. Там адбыўся першы форум «PRO-Блог: удасканальвай навыкі», арганізаваны ГА «БРСМ». Мерапрыемства, у якім мне таксама пашанцавала прыняць удзел, сабрала тых, хто марыць пабудаваць кар’еру ў свеце блогінгу і сацыяльных медыя.

Праграма была насычаная і практыкаарыентаваная, яна прапаноўвала ўдзельнікам пагрузіцца ў самыя актуальныя аспекты стварэння анлайн-кантэнту.

«Блогінг: як пачаць і атрымаць поспех» – пад такой назвай прайшла дыялогавая пляцоўка. Блогер Васіль Палейка падзяліўся парадамі і сакрэтамі ўдалага старту ў блогасферы, развеяў міфы і паказаў рэальныя шляхі да поспеху.

Не менш важным аспектам для любога блогера з’яўляецца візуальны складнік. Майстар-клас «Фатаграфія як інструмент блогера» пад кіраўніцтвам Ігара Краўцова навучыў удзельнікаў ствараць «чапляючыя» візуалы. Спецыяліст падкрэсліў важныя моманты, а таксама рэкамендаваў для паглыбленага вывучэння кампазіцыі і фотамастацтва тэматычную літаратуру.

Для тых, хто імкнецца заваяваць відэафармат, быў арганізаваны майстар-клас «Мантаж відэа для пачынаючых блогераў». Уладзіслава Супруноўская прадэманстравала, як са звычайных кадраў ствараць захапляльны кантэнт. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся аб хуткай нарэзцы відэа, працы з гукам і музыкай, выкарыстанні пераходаў і эфектаў, а таксама атрымалі каштоўныя лайфхакі для эканоміі часу.

Фінальным акордам форуму стаў практычны занятак «Telegram Teamwork: ствараем канал разам». Падчас яго ўдзельнікі падзяліліся на каманды і з нуля распрацавалі Telegram- каналы на актуальную тэму «Моладзь за здаровы лад жыцця». Тыя, хто прадэманстраваў найлепшае афармленне і стратэгію, атрымалі прызы і, што самае галоўнае, бясцэнны практычны вопыт.

Анжаліка РАМАНЮК

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.