Нацэлены на п’едэстал: ФК «Брагін» упэўнена перамог «13 раён» з лікам 6:2 у рамках рэчыцкай лігі па міні-футболе

Важнае Грамадства Спорт

Напярэдадні матча панавала атмасфера засяроджанасці і каманднага духу. Брагінчан Пётр Сачанка, варатар, падзяліўся падрабязнасцямі падрыхтоўкі:

– Перад гульнёй мы старанна разабралі нашы дзеянні, улічваючы памылкі, дапушчаныя ў папярэднім матчы. Вызначылі ключавыя моманты, якія трэба палепшыць, і намецілі тактыку гульні.

З першых хвілін сустрэчы стала ясна: брагінчане настроены рашуча. Каманда актыўна атакавала, што прнесла свой плён. Лік быў адкрыты ўжо на 30-й хвіліне матча. Прыгожы гол выклікаў бурныя авацыі трыбун. Брагінчане не сталі змяншаць абароты і неўзабаве падвоілі перавагу сваёй каманды эфектным далёкім ударам.

Пасля двух прапушчаных мячоў «13 раён» узяў тайм-аўт і правёў замену варатара. Сапернікі паспрабавалі пераламаць ход гульні, правялі некалькі небяспечных нападаў і нават здолелі скараціць разрыў у ліку, разыграўшы стандартнае становішча ў канцоўцы тайма. Аднак наша каманда, адчуваючы кураж, паспяхова спраўлялася з націскам. Пётр Сачанка, які знаходзіўся на варце варот, прадэманстраваў высокае майстэрства, адбіў некалькі складаных удараў. На перапынак каманды сышлі пры ліку 2:1 на карысць брагінчан.

Другі тайм землякі пачалі з той жа энергіяй і напорам. Працягваючы актыўныя атакі, гульцы ўмела лавілі саперніка на контратаках. Гэтая тактыка прынесла свой плён: лік на табло хутка вырас да 6:1. Бліжэй да канца матча «13 раён» забіў яшчэ адзін гол, але гэта ніяк не паўплывала на выніковы лік.

Наступны матч брагінчане згуляюць 8 лістапада са «Спартай».

– Мы настроены на апошнюю гульню першага круга як на фінал, – заявіў Пётр Сачанка. – Пры пэўных абставінах у нас ёсць магчымасць заняць трэцяе месца. Будзем біцца за кожны мяч, каб годна завяршыць гэты этап турніру.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.