Расскажам пра чалавека, які ў 1937 годзе атрымаў Гран-пры на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы за архітэктурныя праекты ў Беларусі

Грамадства

Дом урада, Вялікі тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў, галоўны корпус Акадэміі навук, кінатэатр «Перамога»…

Усе гэтыя вядомыя архітэктурныя шэдэўры Мінска глядзяць на нас вачамі Іосіфа Лангбарда. Яны фарміруюць асаблівы сілуэт і вызначаюць цэнтральную частку сталіцы.

Нарадзіўся будучы творца 18 студзеня 1882 года ў Бельску, які ў тыя часы ўваходзіў у склад Гродзенскай губерні. У сціплым правінцыйным гарадку перш за ўсё цанілася ўменне зарабляць грошы.

Вялікае значэнне гэтаму надавалася і ў сям’і Іосіфа. Бацькі не жадалі звяртаць увагу на «недарэчныя капрызы» таленавітага хлопца, таму іх воляю пасля заканчэння мясцовай гімназіі ў 1901 годзе ён апынуўся ў Адэсе.

Па бацькоўскай задуме, у прымор’і юнак павінен быў авалодваць мастацтвам камерцыі. Ды той пайшоў наперакор: паступіў на архітэктурнае аддзяленне мастацкага вучылішча. А пасля яго заканчэння пераехаў у Санкт-Пецярбург, каб прадоўжыць навучанне на архітэктурным факультэце Імператарскай акадэміі мастацтваў. Яго дыпломным праектам стаў будынак Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі.

Падчас Першай сусветнай вайны Лангбард быў начальнікам інжынернага атрада. Кіраваў будаўніцтвам аб’ектаў на фронце і ў тыле. І нават падчас баявых дзеянняў умудраўся ўдзельнічаць і перамагаць у розных конкурсах. Па яго праектах было ўзведзена некалькі новых будынкаў у Петраградзе і Кастраме.

Асабліва запатрабаваным архітэктар стаў з усталяваннем міру і прыходам бальшавікоў. Яму выпала адказная задача надаць новае дыханне Мінску, які на той момант не мог пахваліцца асаблівай высакароднасцю парадных фасадаў і, па меркаванні ўлад, меў вострую патрэбу ў абноўленым абліччы.

А пачалося ўсё ў 1929 годзе, калі амаль што фантастычная работа таленавітага архітэктара перамагла ў конкурсе на найлепшы праект Дома ўрада БССР.

Старт будаўніцтву быў дадзены ў 1930-м, а завяршылася яно праз чатыры гады. Даволі хутка, калі ўлічыць, што ўсё выконвалася ўручную (пад’ёмных кранаў яшчэ не было). Такі вялікі будынак даўжынёю больш за 200 метраў у Савецкім Саюзе ўзвялі ўпершыню. А гэта 1000 кабінетаў, 4000 дзвярэй, 2000 вокан…

Наступнымі крокамі на шляху да абнаўлення Мінска сталі праекты Дома Чырвонай Арміі (цяперашняга Дома афіцэраў) і Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Першы на той час – самая перадавая архітэктура. Ён утрымліваў чатыры надземныя і столькі ж падземных паверхаў, першы ў рэспубліцы крыты басейн і аснашчаную па апошнім слове канцэртную залу. Уключаў бібліятэку, рэстаран, выставачную і спартыўную залы, холы для адпачынку, вучэбныя, тэатральныя і іншыя памяшканні. Такім жа ўнікальным можна назваць і будынак тэатра, узведзены на Троіцкай гарэ – самай высокай кропцы сталіцы.

У 1934 годзе Іосіфу Лангбарду было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. На той момант ён ужо з’яўляўся пераможцам 38 архітэктурных конкурсаў. І тады ж кіраўніцтва рэспублікі прапанавала яму завяршыць будаўніцтва Акадэміі навук БССР, пачатае па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. У выніку ўзведзеныя левы і правы карпусы былі аб’яднаны велічнай каланадай. Лангбард прапанаваў таксама устанавіць перад уваходам помнік Францыску Скарыне, а ў нішах – скульптуры беларускіх асветнікаў. Новы будынак акадэміі адкрылі ў 1939 годзе на галоўным праспекце сталіцы.

Даваенныя мінскія праекты Лангбарда праславілі яго на ўвесь свет. Менавіта дзякуючы ім творца атрымаў Гран-пры на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1937 годзе. І імі сёння ганарыцца кожны жыхар беларускай сталіцы, іх у першую чаргу паказваюць гасцям падчас экскурсій. Здолеўшы сумясціць у сваіх работах фармальныя набыткі класічнай эпохі і канструктарскія метады «прагрэсіўных» архітэктараў, Іосіф Лангбард упісаў новую старонку ў гісторыю станаўлення і развіцця ўсяго беларускага мастацтва ў цэлым.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.